Польская студыя прыступае да стварэння новай часткі «Ведзьмара»

Геральт з Рывіі таксама з’явіцца ў доўгачаканай гульні, але ўжо не будзе галоўным героем. 

01.09.2024 / 18:17

Геральт з Рывіі перастане быць галоўным героем серыі пра ведзьмара, яму на змену, магчыма, прыйдзе Цыры. Постар да «Ведзьмара 3: Дзікае Паляванне»

CD Projekt рыхтуецца пачынаць этап паўнавартаснай распрацоўкі чацвёртай гульні з серыі пра Ведзьмара (The Witcher). У кампаніі заявілі, што перадпрадакшн гульні, якая мае кодавую назву Project Polaris, ужо практычна скончаны. 

Серыя гульняў «Вядзьмар» заснавана на літаратурнай першааснове — аднайменнай серыі раманаў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, якая скарыла чытачоў яшчэ ў 1990-я гады. Праўда, поспех раманаў збольшага быў абмежаваны славянскім светам. Сапраўдны шалёную папулярнасць па ўсім свеце гісторыя пра ведзьмара атрымала пасля выхаду гульняў. 

Апошняя гульня серыі «Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне», якая выйшла ў 2015 годзе, стала сапраўды культавай і задала высокую планку для ўсіх гульняў у жанры RPG. Глыбокі сюжэт з пакутліва складанымі маральнымі дылемамі выдатна дапаўняў праўдападобны глыбокі свет, сплецены з масавай культуры, славянскай міфалогіі, эстэтыкі і гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Так, напрыклад, у дадатку «Каменныя сэрцы» прадстаўнікі аднаго роду насілі імёны Вітольд (Вітаўт), Альгерд і Кейстут, якія яўна адсылаюць да імёнаў вялікіх князёў літоўскіх з дынастыі Гедзімінавічаў.

Новую гульню ў свеце Ведзьмара раней апісвалі як пачатак другой трылогіі, таму ў назве не будзе парадкавага нумара. Мяркуючы па кодавай назве і постары, на якім вядзьмарскі медальён занесены снегам, гульня можа далей развіваць гісторыю прароцтва эльфійкі Ітліны, якая прадказвала страшныя бедствы і гібель свету ад Белага Холаду. 

Постар да новай гульні пад кодавай назвай Project Polaris

Па словах Дага Кокла, які агучваў па-англійску гэтага персанажа ў папярэдніх частках франшызы, Геральт сапраўды з'явіцца ў новай гульні CD Projekt Red. Але цяпер ён будзе другарадным персанажам:

«Так, чацвёртага «Ведзьмара» ўжо анансавалі. Нічога пра яго расказаць я не магу. Але мы ведаем, што ў гульні будзе Геральт, хоць і не ведаем, ці шмат яго там будзе. І ў цэнтры сюжэту будзе не Геральт, гэтая гісторыя не пра яго. Пра каго яна — нам невядома. Мне і самому хацелася б даведацца!»

Па словах Кокла, сцэнарыяў ён не бачыў, але і не змог бы расказаць пра гэта, нават калі б распрацоўшчыкі ўжо паказалі яму нешта.

Самі стваральнікі гульні пакуль не давалі адназначнага адказу на пытанне ці з’явіцца Геральт у працягу серыі. Але і не адмаўлялі, што ў яго можа быць нейкая роля ў ёй нават пасля фіналу трылогіі.

Цяпер фанаты ў сацсетках спрачаюцца, хто ж зможа замяніць абаяльнага забойцу пачвараў. Многія лічаць, што гэта будзе альбо Цыры, якая была адным з цэнтральных персанажаў трэцяй часткі, або невядомы вядзьмар.

Мяркуючы па справаздачах, новая частка «Ведзьмара» можа выйсці ўжо ў канцы 2025 года. Сёння CD Projekt таксама працуе над рэмэйкам першай часткі трылогіі, які пабачыў свет у далёкім 2007 годзе, і шматкарыстальніцкай гульнёй па сусвеце Ведзьмара.

Гэтым летам фанатаў ашчаслівіў і Анджэй Сапкоўскі, які паведаміў што працуе над новай кнігай у сусвеце «Ведзьмара». Паводле слоў пісьменніка, яна будзе скончана на працягу года, то-бок мае ўсе шанцы выйсці ў адзін час з новай гульнёй.

Як будзе выглядаць відэагульня пра старажытны Тураў

Па-беларуску выйдзе відэагульня пра старажытных славян

Японцы патрабуюць адмяніць гульню пра чарнаскурага самурая

Nashaniva.com