«Высветлілася, што грымёрка — гэта мясцовы офіс БРСМ». J:Mors расказаў, як адмяніў выступленне ў Гродне
Фронтмен гурта J:Mors Уладзімір Пугач расказаў, як аднойчы з-за БРСМ давялося адмяніць выступленне, хто ў гэтым годзе клікаў на карпаратыў у Беларусі і колькі быў самы вялікі ганарар.
01.09.2024 / 11:56
Уладзімір Пугач. Скрын відэа: chestnok_live / YouTube
У інтэрв'ю ютуб-каналу «ЧестнОК-LIVE» Уладзімір Пугач згадаў, як група адмовілася выступаць на канцэрце да Дня горада ў Гродне, які супаў з парламенцкімі выбарамі.
«Мы прыязджаем на пляцоўку ў Гродне. А там вісіць — «БРСМ. Сделай свой выбор». І высветлілася, што месца, дзе ў нас грымёрка — гэта мясцовы офіс БСРМ», — расказвае Пугач.
Ён папрасіў арганізатараў зняць расцяжку, спаслаўшыся на райдар групы. «Не тое, што мы скандалім. У нас у райдары прапісана — не павінна быць рэкламы тытуню, палітычных лозунгаў. Я кажу: «У нас у райдары вы чыталі. Калі ласка, зніміце, ці мы з'едзем».
Арганізатары паабяцалі выканаць просьбу, але не выканалі. Як высветлілася, яны не маглі самі гэта зрабіць без згоды мясцовых уладаў.
«Рашаюць недзе ў выканкаме. Мы кажам: «Рабяты, вы вырашайце, бо ў нас гадзіна засталася. Мы ці граем, ці з'язджаем». І сядзім у аўтобусе проста каля сцэны. А гэта цэнтральная плошча. Па той бок — выканкам.
Выходзіць дэлегацыя ў гальштуках і пінжаках. Ідуць да нас. «Ну, Уладзімір, што не так? Ну вы ж усё разумееце». — «Ну, так, разумеем». — «Ну, так што ж, ну?!» Я кажу, што мы з'едзем, не будзем іграць. Яны пайшлі, нічога не знялі. Мы сабраліся і паехалі назад», — расказвае Пугач і дадае, што з боку арганізатараў у іх адрас пазней былі пагрозы.
«Мы едзем, і нашаму дырэктару звоніць начальнік гродзенскага БРСМ і пачынае пагражаць: «Вы нідзе больш іграць не будзеце». А ў нас ужо 2006 за плячыма, мы ўжо ўсё гэта праходзілі. «Так, так. Добра, давайце», — і з'ехалі».
Самы вялікі ганарар
Уладзімір Пугач расказаў, што самы вялікі ганарар, які яго група атрымлівала, быў у межах 15 тысяч даляраў. Але калі гэта было, ён не памятае.
«Я памятаю, апошнія 10 [тысяч даляраў] калі нам заплацілі. У 2020 годзе».
Па словах спевака, было шмат выпадкаў, калі іх выступленне на нейкім мерапрыемстве «прадавалі праз 25 івэнт-агенцтваў»: «Мы атрымлівалі ганарар 3-4, а заказчык плаціў 15 [тысяч даляраў]. Такое таксама было шмат разоў, але мы гэтага не ведалі. Нас перапрадавалі-перапрадавалі, дадавалі-дадавалі».
Нават пасля таго, як Пугач з'ехаў у 2022 годзе за мяжу, яго з групай працягваюць клікаць выступіць у краіне.
«Больш за тое, нават у Беларусі нейкі банк у гэтым годзе спрабаваў нас на карпарат запрасіць. Людзі жывуць у нейкім сваім паралельным свеце», — расказвае Пугач і заўважае: «Я толькі рады. Змяніце там умовы, я прыеду».
Хэдлайнерам Дня горада ў Гродне стане Стас Міхайлаў
J:MOPС прэзентаваў сінгл «Зброя»
Пугач расказаў, як граў канцэрт на Плошчы Пераменаў, а людзі стрымлівалі ГУБАЗіК
«Уявіў, што мне было б цікава паслухаць». Саліст J:Морс заняўся аўдыякнігамі