Пасля прыёму ў міністра Кубракова арыштавалі жанчыну, якая шмат гадоў змагаецца з «педафільскім лобі»

Наталля Мікуліч выглядала прафесійнай скаржніцай. Суд стаў на бок зяця, але яна не здавалася і кожны дзень пісала абвінавачванні ў бок сілавікоў, якія адмовіліся заводзіць крымінальную справу.

09.09.2024 / 08:08

Фота з фэйсбука Наталлі Мікуліч

«Гэты акаўнт падтрымлівае палітыку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча», — пазначана ў эпіграфе на фэйсбук-старонцы 52-гадовай Наталлі Мікуліч. Аднак гэта не дапамагло жанчыне пазбегнуць лёсу палітзняволенай у сучаснай Беларусі.

У фэйсбуку і тыктоку ў Наталлі Мікуліч па 5 тысяч падпісчыкаў. Ужо больш за пяць гадоў яна вядзе зацяты бой з педафіламі і сілавікамі, якія, на яе думку, прыкрываюць педафілаў.

У ранейшых рэаліях яна б проста атрымлівала адна за другой адпіскі ад дзяржаўных органаў. А ў Беларусі-2024 на яе завялі ажно тры крымінальныя справы.

Наталля Мікуліч

Кожны з артыкулаў, які інкрымінуецца жанчыне, выкарыстоўваецца для расправы з палітычнымі апанентамі — «распальванне варожасці або разладу» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «паклёп» (арт. 188 КК). Але, як відаць, можа прымяняцца і да прафесійных скаржнікаў — калі іх актыўнасць надакучвае сілавікам.

Хто такая Наталля Мікуліч? Жанчына родам з Вілейкі, але ўрэшце асела ў Валожыне. Выйшла замуж, нарадзіла дачку. Прынамсі раней Наталля займалася дробным бізнэсам, у яе была крама адзення. Аднак цяпер уся яе публічная актыўнасць была прысвечаная педафільскай тэме.

Да прэзідэнцкіх выбараў — 2020 яна некалькі разоў рэпосціла незалежныя медыя (напрыклад, Белсат), але пасля 16 жніўня 2020 гэтага больш так не рабіла. Згодна са звесткамі праекта Digital intelligence team, жанчына трапіла ў базу «Беспарадкі» — магчыма, менавіта за гэта. Праўда, падобна, што доступ да старонкі ў Аднакласніках, на якой былі рэпосты, яна страціла, таму не магла нават выдаліць іх.

Сваё жыццё ў апошнія гады Наталля прысвяціла таму, каб пакараць зяця. Жанчына пераконвала грамадства ў тым, што ён гвалтаваў сваю дачку — адпаведна, унучку Наталлі.

Гэта сур'ёзнае абвінавачванне, якое на цяперашні момант застаецца непацверджаным, таму дзеля абароны інтарэсаў дзіцяці мы не будзем указваць імёны членаў сям'і і падрабязнасці гісторыі.

Пасля бясконцай колькасці праверак і пераправерак следчыя вырашылі не заводзіць крымінальную справу, скаргі Наталлі Мікуліч не далі эфекту. Да таго ж у маі 2023 года зяць жанчыны падаў супраць яе пазоў пра абарону гонару і годнасці. І выйграў.

Падчас змагання з зяцем Наталля Мікуліч абрала цікавую стратэгію — яна стала зацята падкрэсліваць сваю адданасць Аляксандру Лукашэнку, спадзеючыся, што той дапаможа. Таксама яна стала прыхільніцай партыі ЛДПБ і ў нейкі момант уступіла ў яе. Алегу Гайдукевічу яна перыядычна дзякавала ў сацсетках за нейкую падтрымку, праўда, невядома, у чым яна была.

Скрыншоты са старонкі Наталлі. Апошні рэпост Гайдукевіча зроблены за пару дзён за затрымання

Рэпосціла яна і іншыя праўладныя матэрыялы — напрыклад, зварот кіраўніка Валожынскага райвыканкама наконт Дня народнага адзінства ды абвестку пра «акцыю Георгіеўская стужка».

Скрыншот са старонкі Наталлі Мікуліч у фэйсбуку

Але ўсё ж асноўным кантэнтам, які яна рабіла кожны дзень, былі звароты да грамадскасці і разважанні пра тое, што варта як мага хутчэй «пакараць вінаватых». Яна ваявала ўжо не толькі з зяцем, а пераконвала падпісчыкаў, што ўсе дзяржаўныя структуры пакрываюць педафілаў – і школа ды дзіцячы садок, куды хадзіла ўнучка, і органы апекі, і мясцовыя міліцыянты ды следчыя.

Адзін з допісаў Наталлі. Такіх яна рабіла па некалькі за дзень. Скрыншот з фэйсбука

14 лютага 2024 года Наталля з мужам Сяргеем схадзіла на прыём да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які прыязджаў у Валожын. Гэта дало ёй вялікую надзею, бо той загадаў пераправерыць матэрыялы крымінальнай справы. Але праз два месяцы жанчына знікла з усіх сацсетак.

Сяргей і Наталля пасля сустрэчы з Іванам Кубраковым. Скрыншот з фэйсбука

Падпісчыкі жанчыны не ведалі, куды яна падзелася, але адказ з'явіўся ў раскладзе судоў — жанчына, імаверна, пад вартай і яе будуць судзіць.

Суд над ёй пачаўся 9 верасня ў Мінскім абласным судзе. Наталлі Мікуліч пагражае да пяці гадоў калоніі са штрафам.

«Сказаў хлопчыку, што бачыць у ім акцёрскія даныя». Вядомага мінскага артыста судзяць па пяці артыкулах за педафілію

Педафілы шукаюць ахвяр на папулярнай стрымінгавай платформе. Яна дазваляе ім назіраць за дзецьмі ў жывым эфіры

Судзяць 50-гадовага настаўніка са Светлагорска. Сярод артыкулаў — згвалтаванне падлетка і стварэнне порна

Nashaniva.com