«Сказаў хлопчыку, што бачыць у ім акцёрскія даныя». Вядомага мінскага артыста судзяць па пяці артыкулах за педафілію
Імаверна, падчас следства выплылі страшныя падрабязнасці — у справе Івана Шчатко ёсць абвінавачванне ў згвалтаванні малалетняга і арганізацыя дзіцячай прастытуцыі. Па справе таксама праходзіць 22-гадовы сябар артыста. Абодвум можа пагражаць да 25 гадоў турмы.
Івану Шчатко 47 гадоў. Нарадзіўся ў горадзе Кіраўску Магілёўскай вобласці. Пасля школы адвучыўся ў тэхнічным каледжы ў сваім раёне, а пасля ў Магілёўскай вучэльні культуры, якую скончыў у 1998 годзе. У 2004 скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.
Здымацца ў кіно пачаў у 2001 годзе, тады ж пайшоў працаваць у Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр.
Здымаўся ў асноўным у расійскіх ды беларускіх праектах — піратэхнік у серыяле «Трукач», Руслан у серыяле «Кубэ», Пятровіч у даволі буйным расійскім праекце «Салдацік».
Граў ён нават ролю старшыні ў фільме «Жыве Беларусь».
Агулам Шчатко зняўся больш чым у 50 фільмах і серыялах, адыграў дзясяткі спектакляў. У канцы 2020 атрымаў медаль Францыска Скарыны.
Ягоны падзельнік — 22-гадовы Мікіта Юркевіч. Ён мінчук, пару гадоў таму шукаў працу рознарабочым. Тэлеграм-акаўнт Юркевіча ёсць у тэматычных чатах інтымных знаёмстваў. Прычым, падобна, гэты акаўнт выкарыстоўвалі і сілавікі, бо ён быў анлайн у красавіку 2024 года.
Згодна з першаснай інфармацыяй з міліцэйскага тэлеграм-канала, Шчатко пазнаёміўся з 14-гадовым хлопцам, які жыў побач. Сказаў, што ў хлопца добрыя акцёрскія задаткі і што хацеў бы дапамагчы яму з кар'ерай. Пасля гэтага пазнаёміў хлопца з Юркевічам, і яны разам сталі запрашаць хлопца да сябе, каб займацца з ім сэксам.
Падазроную перапіску заўважылі бацькі. Яны распыталі падлетка і высветлілася, што ён перапісваецца з суседам. Тады паведамілі пра гэта ў міліцыю. МУС просіць бацькоў быць больш уважлівымі да сваіх дзяцей і распавядаць ім пра тое, як паводзіць сябе з дарослымі, а таксама распавядаць ім пра педафілаў.
Абодвух мужчын вінавацяць па пяці артыкулах — «арганізацыя або выкарыстанне дзіцячай прастытуцыі або арганізацыя прастытуцыі арганізаванай групай» (ч. 1 і ч. 2 арт. 171 КК), «распусныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў або асобай, на якую ўскладзеныя абавязкі па гадаванні або ўтрыманні непаўналетняга» (ч. 1 і 2 арт. 168 КК), «уцягненне непаўналетняга ў здзяйсненне цяжкага або асабліва цяжкага злачынства або ў арганізаваную групу» (ч. 3 арт. 172), «гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару да заведама малалетняга або якія пацягнулі цяжкія наступствы» (ч. 2 і ч. 3 арт. 167 КК), «стварэнне порна з непаўналетнімі» (ч. 2 арт. 343-1 КК).
Падрабязнасці справы невядомыя, але відаць, што падчас следства высветліліся нейкія дадатковыя акалічнасці справы, таму абвінавачанні сталі нашмат больш жорсткімі.
Судзяць мужчын у судзе Завадскога раёна Мінска. Максімальнае пакаранне па артыкулах, якія ім закідаюць — 25 гадоў турмы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Судзячы па Беларусі ў асноўным неадэкват - педафілы, прэзідэнты і тп.