Украінскі FPV-дрон упершыню збіў расійскі «Ланцэт»
Толькі за апошнія тыдні жніўня ўкраінскія беспілотнікі-перахопнікі збілі больш за сотню расійскіх беспілотнікаў-разведчыкаў. Але ліквідацыя «Изделия-51» здарылася хіба што ўпершыню.
05.09.2024 / 17:40
Момант атакі. Скрын відэа: ssternenko / Telegram
У сацыяльных сетках з'явілася відэа, на якім паказана, як украінскі FPV-дрон 11 брыгады Нацыянальнай гвардыі Украіны імя Міхайла Грушэўскага збівае расійскі беспілотнік «Ланцэт».
Запіс размясціў украінскі валанцёр Сяргей Стэрненка. Па яго словах, нацгвардзейцы збілі новую мадыфікацыю «Ланцэта» — «Ізделіе-51», здольную лётаць на дыстанцыю звыш 50 кіламетраў.
«Ён хацеў атакаваць адзін з нашых аб'ектаў, але не сёння, поскудзь, не сёння», — напісаў валанцёр.
Інтэрнэт-выданне «Мілітарны» адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы ўсё часцей перахопліваюць БПЛА праціўніка з дапамогай дронаў. Толькі за апошнія тыдні жніўня ўкраінскія беспілотнікі-перахопнікі збілі больш за сотню расійскіх беспілотнікаў-разведчыкаў.
Звычайна гэта беспілотнікі вайсковага класа: Supercam S350, ZALA 421-16E і «Арлан-10», якія выкарыстоўваюцца расійскім бокам для разведкі прыфрантавой і тылавой тэрыторыі Украіны і для навядзення артылерыі і баражуючых боепрыпасаў.
Відэа моманту паспяховай атакі на «Изделие-51». Крыніца: VideoMilitarnyiNews / YouTube
Сам жа перахоп робіцца ў асноўным мадэрнізаванымі для такіх задач FPV-беспілотнікамі з аскепкава-фугаснай баявой часткай кантактнага дзеяння або з дыстанцыйным падрывам. Хоць вядома, што некаторыя аператары практыкуюць і іншыя метады збівання, у прыватнасці, таран.
Як піша выданне, збіць варожы дрон-камікадзэ ўдалося з дапамогай мадыфікаванага FPV-дрона-перахопніка.
Аўтар твітар-канала Status-6 (Military & Conflict News) заўважае, што гэта хіба што першы зафіксаваны выпадак паспяховага знішчэння расійскага «Изделия-51».
Новая версія расійскага лятальнага боепрыпаса ZALA Lancet пад назвай «Изделие 51». Фота: Status-6 / Twitter
Расійскія баражуючыя беспілотнікі «Ланцэт» сталі адной з самых вялікіх небяспек для ўкраінскай арміі. Праціўнік іх выкарыстоўвае для знішчэння бранятэхнікі і артылерыі ды іншых важных аб'ектаў на полі бою і ў блізкім тыле.
Выкарыстанне беспілотнікаў у якасці метаду супрацьпаветранай абароны — гэта новая ідэя, якую ўпершыню на практыцы ў рэжыме рэальнай вайны рэалізавалі Узброеныя сілы Украіны. Іх падштурхнуў да гэтага дэфіцыт класічных сродкаў супрацьпаветранай абароны ва ўмовах супрацьстаяння з нашмат больш моцным праціўнікам.
Ці можа супрацьдронавая стрэльба збіваць дроны «Ланцэт»?
Украінскія вайскоўцы сталі выкарыстоўваць новую хітрасць з беспілотнікамі