У Віцебску правялі падводныя раскопкі і тое-сёе знайшлі
У Віцебску прайшлі першыя падводныя раскопкі, вынікі якіх прыемна здзівілі навукоўцаў і дайвераў, піша мясцовая газета «Віцьбічы».
09.09.2024 / 17:30
Усё пачалося з таго, што дайверы знайшлі ў Віцебску на дне Дзвіны наканечнік дзіды і перадалі яго ў музей.
Калі гэтая гісторыя стала вядомая супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, то яны вырашылі тут жа выехаць на разведку. Яе вынікі здзівілі навукоўцаў — усяго за некалькі гадзін былі выяўленыя адразу пяць старажытных артэфактаў.
«Цяперашняя экспедыцыя ў Віцебск была тэрмінова сабраная, бо адкладаць яе было нельга. Рака пастаянна замывае прадметы пяском і ў наступным годзе яны ўжо могуць быць пахаваныя пад вялікім пластом грунту. Ды і чорныя капальнікі таксама маглі даведацца пра гэтае месца», — расказаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Іван Спірын.
Усе работы па пошуку ў вадзе старажытных прадметаў праводзілі валанцёры з дайвінг-клуба «Марскі Пегас», якія маюць трывалыя сувязі з навукоўцамі. Сёлета дзякуючы іх сумеснай працы прайшлі вялікія падводныя раскопкі ў Шумілінскім раёне, каля вёскі Кардон на месцы старажытнага паселішча вікінгаў, а таксама ў Барысаўскім раёне на рацэ Бярэзіне, дзе адступала армія Напалеона.
Гэтым разам апускацца давялося ў складаных умовах.
«У раёне Кіраўскага моста ў Віцебску даволі моцная плынь. Яна значна ўплывае на працу вадалаза. Рухацца трэба было як па плыні, так і супраць яе. Складана было нават заякарыць абсталяванне. Да таго ж Дзвіна ў гэтым месцы суднаходная, кожны раз, калі ішлі мясцовыя цеплаходы, даводзілася спыняць падводныя раскопкі», — адзначыў Іван Спірын.
Нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці, аматары падводнага пагружэння ўсяго за пару дзён паспелі падняць з-пад вады вялікую колькасць гістарычна значных прадметаў. Перш за ўсё, наканечнікі дзідаў. Гэтыя элементы ўзбраення датуюцца ад XVI да XVIII стагоддзяў.
Цяпер усе знойдзеныя артэфакты закансервуюць і пачнуць даследаваць. Гэтай працай зоймецца Інстытут гісторыі НАН Беларусі, а пасля заканчэння работ прадметы перададуць на захоўванне ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
Вынікі гэтай экспедыцыі аказаліся натхняльнымі, таму навукоўцы і дайверы з «Марскога пегаса» збіраюцца вярнуцца ў Віцебск з больш маштабнымі пошукавымі працамі пад вадой.
Прылады з беларускага Паазер'я — найстаражытнейшыя ва Усходняй Еўропе сведчанні апрацоўкі воўны
У Шумілінскім раёне падчас раскопак знайшлі паясную накладку часоў вікінгаў
Археолагі кажуць, што знайшлі самыя старажытныя могілкі каменнага веку ў Беларусі