Пярцоў: Мы карных мераў у дачыненні да іншых рэсурсаў не праводзім

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі на чацвёрты год рэпрэсій супраць незалежных СМІ і блогераў заявіў, што ніякіх карных мераў дзяржава не праводзіць.

18.09.2024 / 15:58

Уладзімір Пярцоў. Фота: Мінінфармацыі

Уладзімір Пярцоў на сустрэчы з ідэолагамі Гродзенскай вобласці зноў вырашыў паразважаць пра інфармацыйную вайну. Раптоўна экс-міністр інфармацыі заявіў, што дзяржава не ўжывае карных мераў у дачыненні да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі.

Больш за тое, Пярцоў адзначыў, што думаючы чалавек павінен чытаць усе крыніцы, піша БелТА.

«Чалавек, які думае, павінен крытычна ставіцца да ўсяго, ён павінен і глядзець, і чытаць і тое, і іншае. Мы карных мераў у дачыненні да іншых рэсурсаў не праводзім. Нашыя людзі чытаюць і тэлеграм-каналы, глядзяць на YouTube альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі», — заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі.

Пры гэтым Пярцоў выказаў шкадаванне наконт «падступных тэхналогій», з-за якіх чалавек «губляе арыентацыю».

«Калі яны (альтэрнатыўныя крыніцы) робяцца пераважнымі пры ўсіх тых падступных тэхналогіях, чалавек як істота, што паддаецца ўмяшанню, пад уздзеяннем гэтых інфармацыйна-псіхалагічных тэхналогій трохі губляе арыентацыю, і ягоны светапогляд скажаецца. Галоўная мэта гэтых тэхналогій — падштурхнуць яго да нейкіх дзеянняў.

Каб уратаваць чалавека, трэба ствараць альтэрнатыўны, праўдзівы, пастаянны паток нашай інфармацыі, як мы кажам, генераваць і крэатывіць, і дастаўляць яго да людзей», — лічыць намеснік кіраўніка адміністрацыі.

Дарэчы, сам Пярцоў нядаўна заяўляў, што толькі за 2023 год у Беларусі заблакавалі больш за тры тысячы рэсурсаў, многія з якіх — якраз альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Незалежныя СМІ і велізарная колькасць медыя-праектаў і блогераў на ўсіх платформах у Беларусі даўно прызнаныя «экстрэмістамі» і «экстрэмісцкімі фармаваннямі». І гэтая машына не спыняецца па сённяшні дзень.

«Што гэта за мацюкі?» Лукашэнка спытаў у Пярцова, што за факультэт гуманітарыстыкі — той сказаў, што гэта «локцямі штурхацца»

Пярцоў расказаў, колькі сайтаў заблакавалі ў Беларусі ў 2023 годзе. Лічба ўражвае

Бондарава паскардзілася Пярцову на карупцыю ў Мінкульце — яе скаргу спусцілі ў Мінкульт

Што вядома пра Уладзіміра Пярцова, які стаў галоўным ідэолагам Беларусі

Nashaniva.com