Можа «ўскрыць раны нацызму» — што гавораць нямецкія дэпутаты пра бізнэс іх калегі ў Лідзе, дзе працуюць палітвязні
Нямецкія палітыкі выказалі сваё стаўленне да прадпрыемства нямецкага дэпутата і выкарыстання на работах там палітычных вязняў, піша «Свабода».
26.09.2024 / 17:39
Ёрг Дорнау
Як стала вядома раней з публікацыі Reformby, дэпутат ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнау разам з кампаньёнамі заснаваў на Лідчыне прадпрыемства для вырошчваньня цыбулі.
Да работ на ім прыцягвалі беларусаў, зьняволеных з палітычных матываў. Ім плацілі па 5 эўра на дзень, «калі брыгадзір палічыць працу якаснай», а правяраць эфэктыўнасьць на сваёй машыне прыяжджаў сам Дорнау.
Вязьні сьнедалі а 7-й раніцы, а затым да 18:00 працавалі бязь яды.
Дэпутатка ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Юльянэ Пфайль расказала Рускай службе «Радыё Свабода», што штраф у 20 862 эўра, які спагналі з Дорнау, прызначылі на падставе зьвестак, пададзеных самым дэпутатам. Прэзыдыюм патрабаваў ад дэпутата даць падрабязную інфармацыю, але той адказаў далёка не на ўсе пытаньні.
«Падобныя паводзіны дазваляюць думаць, што за гэтым стаіць нешта большае», — сказала Пфайль, камэнтуючы момант, што Дорнау не раскрыў падрабязных зьвестак пра тое, якую выгаду атрымліваў насамрэч.
Пфайль адзначыла, што ў Нямеччыне вядзеньне бізнэсу нават у краіне з дыктатарскім рэжымам, як у Беларусі, не зьяўляецца чымсьці забароненым. Але пры гэтым сёньняшні закон абавязвае ўсіх дэпутатаў паведамляць пра ўвесь свой бізнэс і паралельныя даходы.
Асабіста Ёрг Дорнау і франкцыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» на запыт «Свабоды» не адказалі.
Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра сытуацыю ў камэнтары Tagesspiegel:
«Супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі і ягонымі рэпрэсіўнымі інстытутамі амаральнае. На жаль, у людзей у Беларусі забраныя іхныя правы. Тыя, хто сядзяць у турме, у тым ліку палітвязьні, разглядаюцца ўладамі як рабы і закладнікі».
Прадстаўніца ва ўнутрыпалітычных пытаньнях у ляндтагу ад «Левых» Керстын Кёдыц сказала, што, калі падазрэньні пацьвердзяцца, Ёргу Дорнау давядзецца скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы.
Яна лічыць, што такая тактыка прадпрымальніцтва можа «нашкодзіць рэпутацыі Нямеччыны», а таксама «ўскрыць раны нацызму ў нашых усходніх суседзяў».
Пасьля выбараў 1 верасьня ляндтаг яшчэ фармуе новы склад, але Юл'янэ Пфайль спадзяецца, што дзейнасьць Дорнау у Беларусі стане тэмай для дыскусіі.
Дэпутат Бундэстагу ад Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (CDU), намесьнік старшыні Парлямэнцкага кантрольнага камітэту Родэрых Кізэвэтэр назваў дзейнасьць Дорнау у Беларусі «вельмі падазронай» і запатрабаваў тэрміновага тлумачэньня падазрэньняў у тым, што на прадпрыемстве выкарыстоўвалася праца палітвязьняў. Кізэвэтэр падкрэсьліў:
«Мяне ня зьдзівіць, калі гэтыя падазрэньні пацьвердзяцца. «Альтэрнатыва для Нямеччыны» заўсёды вызначалася сваёй блізкасьцю і сувязямі з дыктатурамі ў Расеі і Беларусі. Былі паездкі сяброў партыі ў Беларусь, а ў цэлым AfD фактычна зьяўляецца пасярэднікам Крамля ў Нямеччыне, стала займаецца разбурэньнем дэмакратычнага дзяржаўнага ладу». Па словах кансэрватыўнага палітыка, калі пацьвердзяцца абвінавачаньні ў выкарыстаньні прымусовай працы, дэпутат AfD павінен атрымаць крымінальнае пакараньне.
Парлямэнцкі дырэктар і прадстаўнік ва ўнутрыпалітычных пытаньнях фракцыі «Зьвяз 90-х/Зялёныя» ў саксонскім парлямэнце Валянцін Ліпман сказаў «Свабодзе», што бізнэс Дорнау у Беларусі паказвае, наколькі бессаромна прадстаўнікі AfD заключаюць угоды з аўтакратычнымі сыстэмамі. Паводле яго, неабходна задацца пытаньнем, якія сустрэчныя паслугі Дорнау аказвае рэжыму Лукашэнкі ў Нямеччыне.
«Такія людзі павінны быць не ў парлямэнце, а ў фокусе контравыведкі», — канстатаваў палітык.
Раней Reform.news высьветліў, што нямецкі бізнэсовец, дэпутат парлямэнту зямлі Саксонія ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) і ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Ёрг Дорнау заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, для працы на сваёй плянтацыі пад Лідай.
Юрыст зь Нямеччыны Фэрдынанд Мюлер з гэтай нагоды падаў заяву аб завядзеньні крымінальнай справы супраць Дорнау.