Пазняк прапанаваў стварыць аналаг «Белсата» — украінскі тэлеканал з вяшчаннем на Беларусь

«Гэта была б украінская прапаганда на карысць украінскіх нацыянальных інтарэсаў».

01.10.2024 / 14:54

Зянон Пазняк. Скрын відэа: ApostropheTV / YouTube

Зянон Пазняк прапанаваў стварыць украінскі аналаг «Белсата».

«Расійская прапаганда ва Украіне працуе дзень і ноч. Яны ствараюць такую сітуацыю, што беларусы — гэта ворагі. (…) Гэта такі наратыў, каб прымусіць людзей мець негатыўныя адносіны да народа. Народ тут не пры чым. Якраз наадварот. [Беларускі] народ — гэта саюзнік [для ўкраінцаў]. І трэба дапамагаць яму, каб ён разумеў. Для гэтага трэба інфармацыя», — патлумачыў Пазняк падчас інтэрв'ю ўкраінскаму незалежнаму інфармацыйнаму тэлеканалу «Апостраф TV».

У якасці пазітыўнага прыкладу ён прывёў «Белсат»:

«Вось, скажам, у Польшчы існуе тэлевізія «Белсат». Яна працуе на Беларусь. Выдатна яе слухаюць людзі. Яна робіць свой вынік. Фінансаванне адбываецца. З боку Украіны нічога падобнага няма. А гэта ўкраінцам патрэбна, як і нам».

Пазняк упэўнены, што такі канал мог бы працаваць як па-беларуску, так і па-ўкраінску, бо беларусы разумеюць украінскую мову.

«Гэта была б украінская прапаганда на карысць украінскіх нацыянальных інтарэсаў», —

падкрэсліў Зянон Пазняк.

«Зразумела, нехта павінен праявіць ініцыятыву, узяцца. Бо на гэта патрабуюцца сродкі. А становішча цяжкае. Але, на мой погляд, усё ж такі было б здорава, калі б паявілася і ажыццявілася такая ініцыятыва. (…) Бо на Беларусі, акрамя расійскай прапаганды, нічога няма».

Зянон Пазняк: Хто можа замяніць Лукашэнку? Рэальна — ніхто

Зянон Пазняк паехаў гаварыць пра беларускія справы ў Кіеў

Пазняк: Рэжым пасыпаўся

Nashaniva.com