«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»
У пракуратуру Лейпцыга паступіла некалькі заяў аб здзяйсненні злачынства, датычных выкарыстання нямецкім палітыкам з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёргам Дорнау працы палітычных зняволеных на цыбульнай ферме ў Беларусі. Цяпер нямецкая пракуратура пачала папярэдняе расследаванне, піша Reform.news, спасылаючыся на публікацыю ў выданні Bild.
05.10.2024 / 22:17
Ёрг Дорнау
Паводле слоў лейпцыгскага адваката і палітыка ад партыі «Зялёныя» Фердынанда Мюлера, дзеянні Дорнау відавочна трапляюць пад крымінальны артыкул аб эксплуатацыі людзей ва ўразлівым становішчы.
Сам Дорнау пакуль абвінавачванні не каментуе і не адказвае на шматлікія запыты, нават з боку ўласнай партыі. 1 кастрычніка адбылася гутарка, у якой удзельнічаў, у тым ліку генеральны сакратар саксонскага аддзялення «Альтэрнатывы для Германіі» Ян Цверг, але Дорнау не даў ясных тлумачэнняў і, па словах прадстаўнікоў фракцыі, паводзіў сябе «вельмі ўпарта і замкнёна».
Многія члены фракцыі цяпер лічаць ягоныя паводзіны «шкоднымі для партыі». Адзін з дэпутатаў абурыўся:
«У нашай фракцыі прынята, каб дэпутаты хоць бы паведамлялі пра свае паездкі за мяжу. Але спадар Дорнау робіць, што хоча, і ні пра што не дбае».
У кіраўніцтве федэральнай «Альтэрнатывы для Германіі» ўжо нібыта даўно з трывогай сочаць за дзеяннямі Дорнау, але да гэтага часу пакідалі гэтую справу вырашаць саксонскаму рэгіянальнаму аддзяленню. Аднак цяпер, падобна, цярпенне лопнула.
«Рэпутацыйная шкода, якая тут наносіцца, велізарная», — заявіў адзін з членаў федэральнага праўлення партыі, паведамляе Bild.
Цяпер партыйнае кіраўніцтва афіцыйна дыстанцыравалася ад Дорнау, заявіўшы:
«Калі абвінавачванні супраць саксонскага дэпутата спадара Дорнау адносна яго беларускага бізнэсу акажуцца праўдзівымі, «Альтэрнатыва для Германіі» рашуча дыстанцуецца ад гэтых бізнэс-практык і разгледзіць адпаведныя меры партыйнай дысцыпліны».
Дэпутату ад «Альтэрнатывы для Германіі» пагражае вялікі штраф. Ён утаіў свой бізнэс у Беларусі