Версія пра кантакты Гуцэрыева і амерыканцаў: яго паслаў Лукашэнка

Са слоў інфарматара чэшскага партала Seznam праз мільярдэра Аляксандр Лукашэнка шукаў выхады на амерыканцаў для таемнай здзелкі.

12.10.2024 / 11:54

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Гуцэрыеў

Чэшскія СМІ нядаўна пісалі пра кантакты нафтавага магната Міхаіла Гуцэрыева з прадстаўнікамі ЗША. Дадатковыя дэталі паведамляе папулярны партал Seznam.

Як піша выданне, сустрэча Гуцэрыева і яго пляменніка — расійскага банкіра Міхаіла Шышханава — з афіцэрам сувязі ФБР Пітэрам Б. адбылася ў Празе на мяжы зімы і вясны 2022 года. На ёй таксама прысутнічаў афіцэр чэшскай контрразведкі BIS, які выдаваў сябе за агента ЦРУ.

Выданне піша, што сустрэча была ініцыявана Гуцэрыевым, які меў прапанову для амерыканцаў ад Аляксандра Лукашэнкі. Падрабязнасцямі сустрэчы падзяліўся яе пяты ўдзельнік — чэшскі паліцэйскі грузінскага паходжання Леван Гургенідзэ.

Як тлумачыць выданне, прычына, чаму Гургенідзэ, чалавек з добрымі сувязямі ў Расіі і ва Украіне, вырашыў праз два гады раскрыць дэталі гэтых сакрэтных перамоваў журналістам, звязана з яго ўласнай сітуацыяй. Гісторыя супрацоўніцтва Левана Гургенідзэ і чэшскіх сіл бяспекі пачалася каля 15 гадоў таму, калі ён працаваў у адміністрацыі Міхаіла Саакашвілі, дзе адказваў за барацьбу з арганізаванай злачыннасцю. Але пасля рознагалоссяў з начальствам ён пакінуў працу і краіну.

Гургенідзэ пераехаў у Прагу, дзе пасля атрымання грамадзянства паступіў на службу ў NCOZ (Нацыянальны цэнтр па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю). Аднак у сакавіку гэтага года яго абвінавацілі не толькі ў перадачы сакрэтнай інфармацыі, але і, паводле яго слоў, у супрацоўніцтве з Расіяй.

Гургенідзэ сцвярджае, што менавіта ён арганізаваў сустрэчу Гуцэрыева і Шышханава ў Празе. «Мне пазваніў мой кантакт з украінскай спецслужбы і сказаў, што Гуцэрыеў і Шышханаў хацелі б сустрэцца з амерыканцамі ў Празе і спытаў, ці змагу я гэта арганізаваць». Журналісты Seznam праверылі інфармацыю, і яе сапраўднасць была пацверджана.

Мужчына таксама сцвярджае, што пра інтарэс Гуцэрыева да сустрэчы з амерыканцамі ён паведаміў чэшскай службе бяспекі BIS, з якой на той момант таксама супрацоўнічаў. Паводле яго слоў, мэта заключалася ў тым, каб атрымаць інфармацыю ад Гуцэрыева і ўцягнуць яго ў супрацоўніцтва. Гургенідзэ адзначае, што расійскі алігарх не ведаў, што ў канспіратыўнай кватэры, акрамя амерыканцаў, прысутнічае таксама афіцэр чэшскай контрразведкі.

«Гуцэрыеў не ведаў, што там будзе BIS, ён думаў, што гэта людзі з ЗША. Контрразведка ўвесь час вяла аўдыязапіс, які павінен быў паслужыць доказам. Гуцэрыеў заявіў, што хоча дамовіцца з ЗША ад імя Лукашэнкі. Ён паўтарыў, што Беларусь не будзе ўступаць у вайну і ўрывацца ва Украіну. Казаў, што Лукашэнка баіцца Пуціна», — апісвае перамовы Гургенідзэ.

Па словах Гургенідзэ, Гуцэрыеў паведаміў яму, што «прыехаў па просьбе Лукашэнкі, які турбуецца за сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей».

«Ён хацеў заключыць пагадненне з ЗША, што Беларусь не ўступіць у вайну і не нападзе на Украіну. (…) У якасці гарантый ён прапаноўваў, каб Гуцэрыеў перадаў ЗША калійныя шахты, якія ён мае на поўдні Беларусі. Беларусь таксама мае свае шахты, і яны таксама гатовыя перадаць іх ЗША ці трэцяй асобе, якую пазначаць амерыканцы», — апісвае дэталі сустрэчы Гургенідзэ.

Як адзначае партал Seznam, чэшская контрразведка BIS, а таксама некаторыя чэшскія СМІ апісваюць абставіны сустрэчы інакш, чым Леван Гургенідзэ. Прэс-сакратар BIS заявіў журналістам, што BIS не была арганізатарам і ініцыятарам ніякай сустрэчы. Ён адмовіўся каментаваць дэталі сустрэчы, аднак не адмаўляў магчымасць таго, што яна сапраўды адбылася.

Афіцэр сувязі ФБР у Празе Пітэр Б. пасля таго, як яму задалі пытанне пра перамовы з расійскім алігархам, сказаў: «Не крыўдуйце, але я не магу з вамі размаўляць».

Чэшскае выданне сцвярджае, што яго журналісты на працягу трох месяцаў правяралі дэталі сустрэчы, збіраючы інфармацыю ў розных краінах Еўропы. У Германіі рэпарцёр сустракаўся з высокапастаўленым афіцэрам украінскай спецслужбы, які пацвердзіў, што інфармацыя пра жаданне Гуцэрыева пагаварыць з амерыканцамі паступіла ад іх. Мэтай расійскіх удзельнікаў было пагаварыць з амерыканцамі на нейтральнай тэрыторыі.

Як піша выданне, перамовы ў Празе завяршыліся тым, што Гуцэрыева запэўнілі ў тым, што прапанову Лукашэнкі абмяркуюць у ЦРУ, і пасля гэтага будзе прынятае рашэнне.

Па словах Гургенідзэ, летам 2022 года яму далі заданне арганізаваць новую сустрэчу. Яе ўдзельнікамі сталі тыя ж асобы, што і ў першым выпадку.

Мужчына сцвярджае, што на перамовах алігарх Гуцэрыеў прасіў амерыканцаў (афіцэра ФБР і меркаванага агента ЦРУ, які насамрэч быў афіцэрам BIS), каб яго сына, які жыве ў Англіі, выключылі з санкцыйнага спісу. «Прадстаўнік ФБР адказаў, што не мае паўнамоцтваў для гэтага і перадасць пытанне на разгляд. «Агент ЦРУ» паведаміў, што іх не цікавяць калійныя шахты. У канцы Гуцэрыеў сказаў, што ўвогуле не разумее, што робіць у Празе», — расказаў Гургенідзэ.

Па яго словах, расійскі мільярдэр настойліва прасіў удзельнікаў сустрэчы, каб у Расіі ніхто не даведаўся пра перамовы, «бо яму пагражаюць фізічнай ліквідацыяй усёй сям'і». «Пасля гэтага я больш ніколі не сустракаў Гуцэрыева», — сцвярджае Леван Гургенідзэ.

Варта адзначыць, што нават калі кантакты Гуцэрыева з прадстаўнікамі амерыканскіх спецслужбаў і мелі месца, намеры і мэты Аляксандра Лукашэнкі і самога мільярдэра не абавязкова былі такія, як апісваюць чэшскія выданні.

Гуцэрыеў хацеў здаць Лукашэнку і Пуціна амерыканцам. У абмен на зняцце санкцый

Гуцэрыеў прылятаў у Мінск на таемную сустрэчу з Лукашэнкам, а Дзмітрый Лукашэнка адпачывае ў Зімбабвэ — «МотолькоПомоги»

Спыніў працу ў Беларусі дабрачынны фонд Гуцэрыева

Гуцэрыеў апратэстуе ў Судзе Еўрасаюза ўключэнне ў санкцыйныя спісы з-за сувязі з Лукашэнкам

Nashaniva.com