Гуцэрыеў хацеў здаць Лукашэнку і Пуціна амерыканцам. У абмен на зняцце санкцый
Даўні сябар Лукашэнкі расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў вёў таемныя перамовы з амерыканскім ФБР і чэшскімі спецслужбамі і прапаноўваў ім сакрэты Лукашэнкі і Пуціна ў абмен на зняцце з сябе заходніх санкцый, даведаліся чэшскія СМІ. Дапамагаў у гэтым Гуцэрыеву супрацоўнік элітнага чэшскага падраздзялення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, ураджэнец Грузіі.
Чэшскія выданні Denik N і Respekt са спасылкай на закрытыя дакументы чэшскай паліцыі і спецслужб высветлілі, што расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў у 2022 годзе спрабаваў прадаць сакрэты Лукашэнкі і Пуціна Федэральнаму бюро расследаванняў (ФБР) ЗША ў абмен на зняцце заходніх санкцый з сябе і свайго бізнэсу.
Пасярэднікам у таемных перамовах выступалі чэшскія спецслужбы і двайны агент з Грузіі, які ўладкаваўся ў Нацыянальны цэнтр па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Празе (NCOZ) і цяпер знаходзіцца пад следствам.
Як паведамляюць чэшскія выданні, спецслужбіст з Грузіі (называюцца толькі ягоныя ініцыялы — Л. Г.) дапамог Гуцэрыеву двойчы сустрэцца з прадстаўнікамі ФБР пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Мільярдэр прапаноўваў амерыканцам інфармацыю аб планах Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і прасіў у адказ зняць з яго заходнія санкцыі. Здзелка ў выніку не адбылася і санкцыі з мільярдэра так і не знялі.
Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў 21 чэрвеня 2021 года трапіў пад санкцыі ЕС супраць Беларусі, уведзеныя ў тым ліку ў сувязі з вымушанай пасадкай рэйсу Ryanair у Мінску, на якім ляцеў Раман Пратасевіч. Рада ЕС патлумачыла ўвядзенне санкцый супраць расійскага бізнэсмена тым, што ён даўні сябар Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму мае ўплыў на палітычныя эліты Беларусі.
Каментары