Выязны «Мак.бай» у Маладзечне сабраў вялізныя чэргі. А што з цэнамі?
На мінулых выходных у Маладзечна прыязджаў мабільны рэстаран «Мак.бай». З дапамогай бургераў ды бульбы фры людзей заваблівалі прыйсці на так званы «Марафон адзінства».
15.10.2024 / 12:39
Скрыншоты відэа ў тыктоку
Каб стварыць ілюзію таго, што людзі пабывалі ў сапраўдным мінскім рэстаране, на велізарны фудтрак наклеілі фотаздымкі з інтэр’ерамі «Мак.бай». Пра ідэалагічны складнік таксама не забыліся: дадалі ўсюды чырвона-зялёных элементаў, а любімы слоган лукашэнкаўцаў «Час абраў нас» прымацавалі на лесвіцу.
Чарга па бургеры ды бульбу фры расцягнулася на дзесяткі метраў. Мясцовы блогер паказаў у тыктоку, што пачыналася яна каля Лядовага палаца. Бачна, што стаяць у асноўным сем’і з дзецьмі сярэдняшкольнага ўзросту.
— На «Мак.бай» рэальна вялікая чарга. Усе хочуць пакаштаваць макбургеры з катлеткай.
Каб паскорыць працэс, супрацоўнікі «Мак.бай» прымалі замовы на планшэт адразу ў людзей у чарзе. А дабраўшыся нарэшце да запаветнага акенца, чалавек адразу атрымоўваў сваю ежу.
Скрын відэа з сацсетак
Цэны былі такімі самымі, як у рэстаранах у Мінску: макбургер — 9,10 рубля, падвойны макчызбургер — 13,80 рубля, вялікая порцыя бульбы фры — 5,20 рубля, кідс міл — 12,90 рубля. Але выбар быў значна менш разнастайным: напрыклад, з дэсертаў прывезлі толькі марожанае.
У Мінску з'явіўся першы ў краіне бульбамат
«Макдональдс» афіцыйна стаў «Мак.by»
Тайваньскі напой, які спачатку не спадабаўся беларусам, стаў папулярным у нас праз 10 гадоў
15-гадовы кандытар з Мінска робіць тарты на замову: прыгожа, але шалёна дорага