Рутэ: Украіна будзе сябрам НАТА
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заявіў, што Украіна ў будучыні далучыцца да Альянсу ў якасці 33-га або 34-га сябра. Цяпер у НАТА 32 краіны.
17.10.2024 / 11:42
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ. Фота: AP Photo / Kin Cheung
Такую заяву Рутэ зрабіў у чацвер на сустрэчу міністраў абароны краін НАТА ў Брусэлі, піша «Еўрапейская праўда».
Рутэ выступіў на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прадставіў свой «план перамогі», адным з пунктаў якога з'яўляецца атрыманне запрашэння ў НАТА. Рутэ ўстрымаўся ад таго, каб сказаць, ці сталі саюзнікі больш схільныя да такога запрашэння Украіне.
«На дадзены момант выглядае, што Украіна будзе 33-м чальцом. Але, магчыма, да іх з'явіцца нехта іншы. Але Украіна ў будучыні будзе чальцом НАТА. Так мы вырашылі ў Вашынгтоне. Таму пытанне цяпер стаіць пра храналогію», — заявіў генеральны сакратар НАТА.
Цяпер, паводле яго слоў, саюзнікі сканцэнтраваны на тым, каб пабудаваць «мост да сяброўства Украіны».
«Такім чынам, калі ёсць канкрэтнае пытанне «Калі?», я не магу адказаць на яго цяпер, у гэты момант. Але мы працуем над усімі гэтымі напрамкамі, каб яны аднойчы сапраўды сталі членамі НАТА», — дадаў Рутэ.
Як паведамлялася, «план перамогі» Зяленскага складаецца з пяці пунктаў і фактычна з'яўляецца «планам прымусу Расіі да міру».
У прыватнасці, першым пунктам плана з'яўляецца запрашэнне Украіны ў НАТА ўжо цяпер.