Як «кашалёк» Лукашэнкі Зайцаў зарабляе на продажы люксавага адзення

Кампанія, звязаная з ім, гатова пастаўляць еўрапейскія прэміум-брэнды і ў Расію.

17.10.2024 / 16:49

Буцік «Аўтлет парк». Фота: outletpark.by

Каманда беларускіх журналістаў «Бюро медыя» апублікавала новае расследаванне, у якім расказваецца, як бізнэсмен Аляксандр Зайцаў, які лічыцца адным з «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі зарабляе на продажы адзення, абутку і аксесуараў сусветных брэндаў. Зайцаў пры гэтым у чэрвені 2021 года трапіў пад санкцыі ЕС, а пасля нападу Расіі на Украіну супраць яго ўвялі персанальныя санкцыі і ўлады ЗША.

У Мінску існуе некалькі крам пад назвай «Аўтлет парк», дзе са зніжкамі ад 30 да 70% прадаюцца арыгінальныя вырабы вядучых сусветных брэндаў. Брэнд магазіна належыць беларускай кампаніі «Трэндхол», дырэктаркай якой з'яўляецца Яна Леванеўская.

А вось бенефіцыярам «Трэндхола» з 1 лістапада 2023 года з'яўляецца падкантрольная Аляксандру Зайцаву лагістычная кампанія «Рузэкспедыцыя», якой кіруе былы першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Уладзімір Міхайлюк.

Бізнэсмен Аляксандр Зайцаў. Фота: Tut.by

У пачатку жніўня амерыканскі Мінфін уключыў «Рузэкспедыцыю» ў новы пакет санкцый ЗША як актыў Аляксандра Зайцава.

Журналісты выбарачна параўналі цэны на некалькі пазіцый у мінскім аўтлеце з арыгінальнымі цэнамі на сайтах вытворцаў.

Яны заўважылі, што ў адрозненне ад тавараў катэгорый premium і middle-up, якія прадаюцца па зніжаных цэнах, люкс-сегмент беларускі буцік рэалізуе альбо па афіцыйных цэнах вытворцы, альбо з вялікай накруткай.

Фота: buromedia.io

«Бюро» высветліла, што беларускі «Трэндхол» спрабуе наладзіць аптовыя пастаўкі брэндавага адзення і аксесуараў у Расію, карыстаючыся шчылінай у санкцыйным заканадаўстве. Прапанову кампаніі журналісты знайшлі на расійскай платформе Dzen.ru у аўтарскім канале «Аўтлет парка».

Журналісты пад выглядам зацікаўленага пакупніка з Расіі патэлефанавалі па пазначаным у матэрыяле нумары і паразмаўлялі з Янай Леванеўскай. Дырэктарка паскардзілася, што з продажамі тавараў катэгорыі люкс у Беларусі складана, і «Трэндхол» плануе адмовіцца ад гэтага сегмента і рабіць упор на «сярэдні клас».

Леванеўская прапанавала выкупіць люксавыя рэшткі і паабяцала, што праблем з продажам падсанкцыйных тавараў у Расіі не будзе.

«У Еўропе ўсе гэтыя брэнды, з якімі мы ўсталявалі адносіны, зацікаўленыя, каб мы ў іх куплялі. І яны ведаюць, куды ідзе іх тавар і куды ён можа пайсці», — цытуюць журналісты словы жанчыны. Па каментары яны звярнуліся непасрэдна да брэндаў, але адказу пакуль не атрымалі.

Пакуль, як пішуць аўтары, кампанія «Трэндхол» працягвае шукаць аптовых пакупнікоў, а «Аўтлет парк» на сваім сайце прапануе паслугі дастаўкі брэндавых тавараў не толькі па тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсе рэгіёны РФ расійскай кур'ерскай службай дастаўкі CDEC.

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Абыходзіць санкцыі «кашальку Лукашэнкі» Зайцаву дапамагае стаўбцоўскі ксёндз Лашук — БРЦ

Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Аляксандр Зайцаў стаў рыцарам папскага ордэна. У гэтай гісторыі ёсць нюансы

Бізнэсовец Зайцаў зарэгістраваў «Белкосмас»

Nashaniva.com