Эканоміка2424

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Продаж Прыёрбанка нікому невядомай кампаніі з ААЭ мае прыкметы вялікага дагаварняка, дзе цаной узбагачэння адной ці некалькіх абраных асоб аўстрыйцам дазволілі вывесці з Беларусі частку сваіх грошай. Лавачка магчымых датычных кароткая: Мікалай Варабей, Аляксей Алексін, Аляксандр Зайцаў. За колькі прадалі банк і ў колькі разоў гэта адрозніваецца ад справядлівай цаны? 

Злева направа: Аляксей Алексін, Аляксандр Зайцаў і Мікалай Варабей — людзі, якія распараджаюцца гіганцкімі капіталамі. Калаж «Нашай Нівы»

20 верасня аўстрыйская RBI Group (Райфайзэн) заявіла аб фінальнай стадыі продажу эмірацкай кампаніі SOVEN 1 сваёй долі ў Прыёрбанку. Аўстрыйцам належала ў банку 87,74%.

Гэтая здзелка рыхтавалася доўга, усё яшчэ не скончаная, але наўрад ці будзе адмененая. 

Яна мае некалькі адметных рыс, якія ўказваюць на тое, што за эмірацкай пракладкай у рэальнасці хаваецца нехта з «бізнэсменаў удачы» пры Аляксандру і Віктару Лукашэнках. А менавіта: ці Мікалай Варабей, ці Аляксей Алексін, ці Аляксандр Зайцаў.

Меркавання, што нехта з гэтых людзей стаіць за новым уласнікам Прыёрбанка, прытрымліваецца і фінансава-банкаўская супольнасць Беларусі.

Прамых доказаў пакуль не існуе, але мы сабралі ўскосныя аргументы на карысць гэтай версіі. І іх больш чым дастаткова. 

Надзвычай выгадны для новага ўласніка характар здзелкі

У свежым анонсе ад 20 верасня RBI Group падкрэсліла, што чакае 300 мільёнаў еўра стратаў праз розніцу паміж цаной продажу і балансавым коштам Прыёрбанка, а таксама 500 мільёнаў еўра негатыўнага эфекту на кансалідаваныя прыбыткі групы.

Другую лічбу ў гэтым паведамленні можна апусціць — RBI Group толькі хоча сказаць, што еўрапейскія банкі групы і лізінгавыя кампаніі таксама зараблялі ад адносін з Прыёрбанкам, а зараз перастануць.

А вось першая лічба — €300 мільёнаў — дазваляе прыкінуць, за колькі прадалі банк, наколькі справядлівай была цана і як магло так выйсці.

Найперш, як вылічыць цану банка? У фінансавых арганізацый спецыфічная бухгалтэрыя і структура актываў: шмат грошай, але большасць з іх заёмная, сродкі вытворчасці ў прамысловым разуменні адсутнічаюць. 

Таму ўніверсальнай методыкі няма, спецыялістам знаёмы дзясяткі спосабаў падліку. У залежнасці ад абставін адныя адштурхоўваюцца ад вынікаў мінулых гадоў, іншыя дыскантуюць прыбыткі будучых, трэція глядзяць на прыбытак на акцыю, ацэньваюць goodwill (рэпутацыю) і гэтак далей.

«Прыёр» па ўсіх крытэрыях ацэнкі бачыцца вельмі крэпкай арганізацыяй: самы вялікі прыватны банк краіны і другі па прыбытковасці пасля Беларусбанка. 

1700 супрацоўнікаў Прыёрбанка генеруюць па-сапраўднаму вялікія прыбыткі — ад сотні мільёнаў еўра ў год.

Банк таксама адзін з некалькіх, хто мае ўнікальную канкурэнтную перавагу — магчымасць праводзіць валютныя плацяжы.

Да таго ж, за апошнія гады Прыёрбанк сабраў вялікую колькасць уласных грошай.

Праз палітычную сітуацыю аўстрыйскаму акцыянеру, як можна разумець з фінансавай справаздачнасці, не давалі выводзіць дывідэнды, таму банк некалькі гадоў назапашваў прыбытак. 

На канец 2023 года яго сабралася каля €410 мільёнаў, а чыстыя актывы, такім чынам, сягнулі пад €520 мільёнаў.

Можна дапусціць, што сёлета чыстыя актывы працягвалі расці, таму што за першае паўгоддзе 2024-га банк паказаў прыбытак 76 мільёнаў еўра (гэта карэлюе і з папярэднімі ацэнкамі аўстрыйцаў: раней яны ацэньвалі страты ад угоды ў 225 мільёнаў еўра — гэта менш акурат на суму, роўную прыбыткам за першае паўгоддзе 2024).

Такім чынам, вярнуўшыся да фінальнай фармулёкі аўстрыйцаў аб страце 300 мільёнаў на адносінах фінальнай цаны да балансавай, можна прыкінуць, што новы ўласнік набыў прыкладна €530 мільёнаў (87,74% долі) за прыкладна €230 мільёнаў. Гэта эканоміка поля цудаў.

З дысконтам паловы ад актываў прадаюцца толькі безнадзейныя, гаротныя кампаніі за крок да банкруцтва, на якія складана знайсці купца. Квітнеючы Прыёрбанк пад гэтае апісанне не падыходзіць.

У нармальнай сітуацыі адлік цаны павінен пачынацца з 600 мільёнаў еўра і лічыцца не з вялікім дысконтам, а са значнай прэміяй да балансавага кошту, якая ўлічвала б блізкую да 30% рэнтабельнасць, а таксама такія нематэрыяльныя актывы як долю рынку, рэпутацыю, брэнд, кваліфікацыю супрацоўнікаў і іншае. Нармальны рынкавы мультыплікатар пры гэтых умовах быў бы пад 2.

Цана Прыёрбанка тады складала б прыкладна мільярд еўра.

Азірнуўшыся на мінулыя плюс-мінус падобныя здзелкі на беларускім рынку, мы не ўбачым прыкладаў, калі б нават менш трывалыя банкі купляліся з такім рабаўнічым дысконтам.

Напрыклад, Сбербанк купляў сціплейшы і менш рэнтабельны БПС-Банк за $280 мільёнаў з прэміяй 1,3 да памеру актываў. ВТБ выкупляў Слаўнафтабанк па частках, але таксама з невялікай прэміяй.

Таксама ў якасці ілюстрацыі для параўнання можна прывесці банк Luminor, які дзейнічае ў краінах Балтыі. Цяпер абмяркоўваецца яго продаж венгерскай групе ОТР.

Luminor у 6,5 разу большы за Прыёрбанк, але менш эфектыўны і генеруе толькі ў 2—2,5 разу больш прыбыткаў. У колькі яго ацэньваюць? Індыкатыўная цана — €1,8 мільярда, з каэфіцыентам 1,2 да чыстых актываў.

Такім чынам мы бачым ненатуральную цану продажу, якая толькі часткова можа тлумачыцца кан'юнктурай, пра што мы пагаворым пазней.

Стваральніка і нязменнага кіраўніка Прыёрбанка Сяргея Касцючэнку асудзілі да 3,5 года калоніі ў ліпені 2022 года. Па інфармацыі «Нашай Нівы», за яго выхад на свабоду давялося выплаціць больш за $10 мільёнаў. Фота: bspu.by

Адсутнасць канкурэнцыі за актыў 

Жаданне RBI Group перавесці віртуальныя грошы ў Беларусі ў рэальныя ў іншай юрысдыкцыі выглядала натуральным, а пра свой намер выйсці з таксічнага рынку пад ціскам амерыканцаў група заяўляла і сама. 

Іначай магла ўзнікнуць сітуацыя, што банк у лепшым выпадку проста працаваў бы без магчымасці вывесці з яго дывідэнды, а ў горшым — дзяржава пачала б нацыяналізаваць прыбытак праз штрафы, як гэта ўжо пачало адбывацца з таксама аўстрыйскім А1. 

Таму пра тое, што такі салодкі актыў патэнцыйна можна будзе купіць прынамсі не з натуральна вялікай прэміяй, а танней, здагадваліся многія фінансісты. Натуральнай у такой сітуацыі была б абвостраная канкурэнцыя, і яе прыкметы былі — намеры на Прыёрбанк выказваў нават кіраўнік «Роснафты» Ігар Сечын. 

Але, як мяркуюць суразмоўцы «Нашай Нівы», яму і іншым расійскім інтарасантам далі зразумець, што пытанне Прыёрбанка будзе вырашацца паміж унутранымі гульцамі.

Рынкавага спаборніцтва, якое магло б адрэгуляваць цану, не выйшла.

«Вельмі падобна, што ад самага пачатку быў адзін прадавец і адзін купец, а астатніх проста адрэзалі, паставіўшы RBI Group умову, што калі вы хочаце выскачыць, то прадаецеся толькі вось гэтаму і толькі вось так. А калі будзеце рабіць па-свойму, то мы вам проста не дамо правесці здзелку. Калі прадавалі б расіянам ці арабам, не бачу прычын для такога вялікага дысконту», — прыводзіць сваё меркаванне адзін з мінскіх банкіраў.

Варта нагадаць, што стваральніка і нязменнага кіраўніка Прыёрбанка Сяргея Касцючэнку ў ліпені 2022-га асудзілі да 3,5 года калоніі. Перамовы аб продажы банка пачаліся, калі ён быў у калоніі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», за яго выхад на свабоду яму давялося выплаціць больш за $10 мільёнаў

Купец не раскрывае сябе 

У гісторыі Беларусі не было выпадкаў, каб настолькі значны банк выкупляўся ананімна. Традыцыйна, але нячаста, магла ўтойвацца толькі сума ўгоды.

БНБ купляў Банк Грузіі, РРБ-Банк — ЕБРР, БПС — Сбербанк, Слаўнафтабанк — ВТБ, Белросбанк — Альфабанк, Парытэтбанк — Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі і гэтак далей.

А хто купляе Прыёрбанк? Заяўляецца, што эмірацкі інвестар. Але не нейкі мясцовы банк ці фінтэх, а свежаспечаны Soven 1 Holding Limited. 

Нельга сказаць, што гэта — устойлівая фінансавая кампанія, якая разглядае набыццё Прыёрбанка як лагічны крок у сваім развіцці. Нават не скажаш, што гэта ў прынцыпе нейкая профільная арганізацыя: Soven 1 была створана ў самым канцы 2022-га, задэклараваны від яе дзейнасці — «іншая дзейнасць».

У кампаніі няма сайта, пошукам па-англійску і арабску немагчыма знайсці інфармацыю пра камерцыйныя актыўнасці, за кошт якіх яна сфарміравала капітал. А яшчэ напачатку 2024 RBI Group заяўляла, што чакае пацвярджэння наяўнасці сродкаў у інвестара.

Іншымі словамі, Soven 1 выглядае як падстаўная фірма для забеспячэння адной здзелкі, на якую заганялі грошы з іншых месцаў. Значыць, існуе нейкая прычына, па якой рэальны купец пасаромеўся дзейнічаць ад імя сваіх асноўных кампаній.

У гэты ж час можна адзначыць трэнд на ананімізацыю сваіх актываў з боку Вараб'я, Алексіна і Зайцава. З 2020 года яны перапісваюць сваю маёмасць на падстаўных асоб, сярод якіх менеджары і сваякі. 

Вось і чалавек, які выступае ад імя SOVEN1, былы банкаўскі менеджар сярэдняй рукі Сухэйль аль-Отайба, таксама, мяркуючы па біяграфіі, наўрад ці меў магчымасць зарабіць за сваю кар'еру сотні мільёнаў даляраў. А таму, з улікам усіх абставін, яго наўрад ці можна ўспрымаць за рэальнага, а не намінальнага бенефіцыяра.

Вузкае кола асобаў, якія могуць дазволіць сабе куплю такога банка

У Беларусі можна налічыць усяго пару дзясяткаў людзей, якія ў тэорыі могуць дазволіць сабе інвестыцыю ў дзве сотні мільёнаў еўра. 

Але ў рэальнасці большасць беларускіх мультымільянераў з'яўляюцца такімі не па колькасці жывых грошай, а па ацэнцы цаны актываў — нерухомасці, кампаній, вытворчасцяў і гэтак далей. Адпаведна, каб ператварыць матэрыяльныя актывы ў грошы і вывесці іх у ААЭ для фінансавання здзелкі, такім людзям трэба было б прадаць частку свайго бізнэсу ў Беларусі.

Апытаныя «Нашай Нівай» беларускія банкіры запэўніваюць, што не назіралі цягам апошніх двух год неабходнага маштабу здзелак. 

Да таго ж, цяпер складана выгадна прадаць актыў у Беларусі, і такі ход без абсалютнай гарантыі, што выкуп Прыёрбанка ўдасца, быў бы, па сутнасці, чыстай аванцюрай.

У той жа час іншая сітуацыя з фінансамі складваецца ў «бізнэсменаў удачы», якія па большай частцы зарабляюць з шэрых схем, перадумова для якіх — гэта адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам ды ягонай сям'ёю і дазвол на перапродаж прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Менавіта гэтыя людзі, як лічыцца, сталі асноўнымі бенефіцыярамі ўведзеных супраць Беларусі санкцый і апошнія гады атрымліваюць звышпрыбыткі са схем па іх абыходзе.

Пры такой сітуацыі ў гэтых людзей непазбежна павінны збірацца жывыя грошы, асабліва — у напаўпразрыстых юрысдыкцыях кшталту ААЭ, якія выкарыстоўваюцца для здзелак ва ўмовах санкцый. 

Той жа Мікалай Варабей лічыцца мінскімі фінансістамі самым багатым чалавекам Беларусі па аб'ёме жывых грошай. 

У дадатак да таго, банкаўская справа ўваходзіць у пералік інтарэсаў прынамсі Мікалая Вараб'я і Аляксея Алексіна: яны маюць неабходныя кампетэнцыі і ўжо займаліся (імаверна, і працягваюць займацца далей але ўжо ад імя наміналаў) банкаўскім бізнесам. Вараб'ю належаў Абсалютбанк, Алексіну — МТБ. 

Мікалай Варабей у 2020-м спрабаваў купіць украінскі БТА Банк, але Украіна выступіла супраць і заблакавала здзелку. 

Хто такія Варабей, Алексін і Зайцаў

Мікалай Варабей. Архіўнае фота

Мікалай Варабей — ураджэнец Украіны. Ягоны першыя вялікія грошы былі заробленыя вакол «Нафтана» ў 90-х. Кар'еры, як лічыцца, паспрыяла сваяцтва або блізкія адносіны іншай прыроды з «кумам Пуціна» Віктарам Медзведчуком.

Варабей лічыўся падстаўной асобай, звязанай з Медзведчуком, у шэрагу здзелак ва Украіне, за што атрымліваў магчымасць карыстацца сувязямі свайго патрона ў Расіі для выгаднага размеркавання квот на экспарт нафты.

Асноўны бізнес Вараб'я — экспарт перапрацаваных у Беларусі нафтапрадуктаў. Гэта сфера, да якой за апошнія дзесяцігоддзі ў краіне былі дапушчаныя ўсяго некалькі чалавек. Варабей таксама мае інтарэсы ў лагістычнай і банкаўскай сферах.

Аляксей Алексін. Архіўнае фота

Аляксей Алексін пачынаў кар’еру менеджарам у імперыі Юрыя Чыжа, адказваў за ўсё, што звязана з нафтай і «Нафтанам».

Ягоным першым вялікім поспехам называюць аперацыю з экспартам «растваральнікаў». Пасля падзення ў няласку былога начальніка стаў уласнікам значнай часткі ягонай спадчыны, займеў інтарэсы ў тытунёвай, лагістычнай і банкаўскай сферах.

Аляксандр Зайцаў. Фота Tut.by

Аляксандр Зайцаў — былы памочнік Віктара Лукашэнкі, бізнэс-партнёр Алексіна і Вараб'я, саўладальнік г.зв. «Аршора» — аператара асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша».

Ён спецыялізуецца на лагістыцы — а ў перыяд санкцый гэта далікатная тэма, а таксама на перапродажы прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў. А яшчэ ён вялікі фундатар каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Ананімнасць як страхоўка ад санкцый

Калі сыходзіць са здагадкі, што купцом стаў нехта з набліжаных да Лукашэнкі «бізнэсменаў удачы», то становіцца ясна, чаму здзелка прайшла на неканкурэнтнай аснове і на анамальна выгадных для таго, хто набываў, умовах. «Райфайзэн» змусілі, каб даць зарабіць сваім. 

RBI Group пагадзілася, таму што для іх гэта была адзіная рэальная магчымасць ператварыць недасяжныя грошы, сабраныя ў Беларусі, у сапраўдныя і за мяжой, хай і цаной страты мінумум паловы сумы. 

Ананімнасць купца ў гэтым выпадку — абавязковая ўмова як для прадаўца, так і для кліента, таму што RBI Group не змагла б у адкрытую правярнуць угоду з кампаніяй або асобай, якая знаходзіцца пад амерыканскімі і еўрапейскімі санкцыямі.

Гэта ніколі не будзе адкрыта прызнана і ў будучыні, таму што будзе азначаць наўмыснае парушэнне санкцыйнага рэжыму з боку «Райфайзэна».

Без афіцыйнага прызнання таго, што банк цяпер належыць аднаму (ці некалькім адразу) з дзеячаў пры двары Лукашэнкі, няма ніякіх прычын адключаць яго ад карэспандуючых паслуг. 

А значыць, банк наўрад ці трапіць пад санкцыі і працягне працаваць з валютнымі плацяжамі, прыносячы прыбытак ужо новым уласнікам і тым, хто за імі стаіць. 

Каментары24

  • Ёсік
    06.10.2024
    Фядута, Лябедзька ды іншыя, меркавалі, вясковага ... прывядзеце да ўлады, партфельчыкі пахапаеце міністэрскія, і жыцьцё зайграе новымі фарбачкамі? А кабанчык не такі й дурны, адразу ад вас адхрысьціўся, і сваю каманду сабраў. Абрабавалі насельніцтва ды надалей працягваюць, грашыма няма куды расьпіхваць, але ж усё мала. Але ці не забыліся вы, што ў труне няма кішэняў.
  • ПП
    06.10.2024
    А што там за аўстрыйцы? Тыя самыя, што на пачатку 2000х арганізавалі лушыцелю адпачынак на горных лыжах ня гледзячы на санкцыі?
  • Антилукашист
    06.10.2024
    Коррупция по-лукашенковски развивается...
    Но РАСПЛАТА с лукашенкай и его помогатыми НЕОТВРАТИМА и НЕОБРАТИМА.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →