Беларуска ўпершыню паедзе на конкурс прыгажосці «Міс Сусвет». Але не тая, якая перамагла ў нацыянальным адборы

Сёлета Беларусь упершыню будзе ўдзельнічаць у «Міс Сусвет» — адным з самых прэстыжных конкурсаў прыгажосці. Але сітуацыя атрымліваецца дзіўная: тытул «Міс Сусвет Беларусь» далі Карыне Кісялёвай, а на конкурс паедзе Элеанора Качалоўская («Міс Беларусь 2023»).

20.10.2024 / 14:12

Карына Кісялёва (злева) і Элеанора Качалоўская (справа)

У нацыянальным этапе конкурсу «Міс Сусвет» у Беларусі перамагла Карына Кісялёва. СМІ пісалі, што дзяўчына родам з Беларусі, але жыве на дзве сталіцы — Мінск і Маскву. Дарэчы, у Расіі яна скончыла Маскоўскі авіяцыйны інстытут па спецыяльнасці піяр і сувязі з грамадскасцю. Актыўна ўдзельнічае ў розных міжнародных конкурсах прыгажосці — была на «Міс Эка Інтэрнэшнл», «Міс Зямля» і іншых.

Карына Кісялёва, пераможца «Міс Сусвет Беларусь»

Яшчэ 21 верасня Карына паказвала ў сваім інстаграме, як з іншымі дзяўчатамі-канкурсанткамі наведвала Чэрвеньскі сацыяльны пансіянат «Свет дабрыні». А 28 верасня дзяўчына не без гонару напісала, што стане першаадкрывальніцай «Міс Сусвет» для Беларусі. Але цяпер той допіс выдалены з інстаграму. Карына пакінула толькі фота, зробленае перад пачаткам фіналу. Англамоўныя падпісчыкі цікавяцца, што здарылася і чаму Карына не ляціць у Мехіка, дзе пройдзе фінал міжнароднага конкурсу.

Дзіўна, але ў інстаграм-акаўнце miss_universe_belarus няма ніводнага здымка з нацыянальнага этапу «Міс Сусвет». Затое ёсць відэа, у якім Элеанора Качалоўская заварочваецца ў чырвона-зялёны сцяг. Мадэль называюць афіцыйнай прадстаўніцай Беларусі на конкурсе «Міс Сусвет».

Скрыншот відэа miss_universe_belarus

Гэты акаўнт — перайменаваны акаўнт конкурсу «Міс Беларусь», у якім у 2023 годзе перамагла Элеанора Качалоўская. Беларускі акаўнт «Міс Сусвет», які адзначала ў сваіх допісах Карына Кісялёва падчас удзелу ў нацыянальным адборы, цяпер выдалены.

Ці ўдзельнічала Элеанора Качалоўская ў «Міс Сусвет Беларусь», незразумела. На агульным фота фіналістак са стужкамі пераможцаў яе няма.

Фінал «Міс Сусвет Беларусь»

На афіцыйным сайце «Міс Сусвет» пачалося галасаванне. Аднак удзел у ім не бясплатны. Першапачаткова трэба набыць галасы: ад трох галасоў за 1 даляр да 450 за амаль што сотню даляраў. Качалоўская ўжо просіць падпісчыкаў падтрымаць яе.

У 2024 годзе прыгажуні з розных краін прыедуць на конкурс «Міс Сусвет» у сталіцу Мексікі. Фінал запланаваны на 16 лістапада. Колькасць паўфіналістак конкурсу павялічана да трыццаці, што стане самым высокім паказчыкам у гісторыі конкурсу. Разам з Беларуссю на конкурсе дэбютуюць Эрытрэя, Гвінея, Іран, Макао, Малдова, Паўночная Македонія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Самалі і Узбекістан.

Для таго, каб прадстаўніца краіны мела права ўдзельнічаць у конкурсе, патрэбна мясцовая кампанія або прыватная асоба, якая аплаціць франшызны ўзнос.

Летась «Міс Сусвет» стала Шэйніс Паласіёс з Нікарагуа. Менавіта яна будзе ўручаць карону пераможцы.

Конкурс «Міс Сусвет» быў заснаваны ў 1952 годзе каліфарнійскай кампаніяй па вытворчасці адзення і купальнікаў і з таго часу мае штаб-кватэру ў Злучаных Штатах. З 1996 па 2015 год конкурс прыгажосці належаў Дональду Трампу. Цяпер уладальніцай конкурсу з’яўляецца Джакапхонг Джакраджутатып — трансгендарная жанчына.

Дарэчы, з 2012 года адкрытым трансгендарным жанчынам дазволена ўдзельнічаць у «Міс Сусвет» пры ўмове, што яны выйгралі свае нацыянальныя конкурсы.

Міс Беларусь Элеанора Качалоўская хваліцца адпачынкам у акупаваным Крыме ФОТЫ

«Міс Беларусь» Элеанора Качалоўская ажыццявіла даўнюю мару, з'ездзіўшы ў Бранск на канцэрт «Любэ»

Дзе тусіць лукашэнкаўская моладзь? П’е ў «Лебядзіным», адпачывае ў Парыжы і Мілане 

Галоўнае — каб у фільма быў хэпі-энд. БРСМ звадзіў «Міс Беларусь» на прэм'еру прапагандысцкай карціны

Nashaniva.com