Галоўнае — каб у фільма быў хэпі-энд. БРСМ звадзіў «Міс Беларусь» на прэм'еру прапагандысцкай карціны
Элеанора Качалоўская, якая днямі перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь — 2023», наведала прэм'еру фільма «На іншым беразе». Прытым зрабіла гэта арганізавана, як паведамляе БелТА, «у кампаніі іншых міс і прадстаўнікоў БРСМ».
Элеанора Качалоўская, даючы каментар прапагандыстам, сказала, што да прэм'еры вывучала фільмаграфію рэжысёра фільма Андрэя Хрулёва і прыйшла да высновы, што «відаць, што яму падабаецца гаварыць пра гісторыю і драму».
Ад фільма яна чакала, што «гледача будуць выводзіць на сапраўдныя эмоцыі: слёзы, гонар, сум, перажыванні», але галоўнае, чаго хацела — каб у фільма быў хэпі-энд.
«У кожным разе мы прыходзім да міру. І адзінае, чаго цяпер можна жадаць, — гэта мір на ўсёй планеце. Фільм у мяне асацыюецца менавіта з мірам», — заявіла яна.
Што тычыцца самой тэматыкі фільма, то, маўляў:
«Гісторыя — гэта тое, на чым грунтуецца наш час. 17 верасня, якое мы адзначаем, не проста цікава… Гэта былі цікавыя падзеі, якія нас шмат чаму навучылі і многае паказалі».
Фільм «На іншым беразе» зняты паводле сцэнара Івана Крываручкі, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам карціны выступіў Андрэй Хрулёў.
У аснове сюжэта фільма — падзеі 1925 года, калі пасля падпісання мірнай Рыжскай дамовы заходняя частка Беларусі трапіла пад уладу Польшчы.
Яго галоўныя героі — родныя браты, якія родам з-пад Стоўбцаў. Павел Смоліч жыве са сваёй маці ў Заходняй Беларусі недалёка ад мяжы з БССР, а ягоны старэйшы брат Антон дзейнічае ў антыпольскай савецкай партызанцы.
Вядома, што на гэтае кіно патрацілі амаль 4 млн рублёў, на кінастудыі яго называюць нацыянальным праектам года.
Праз гэта ўлады не могуць дапусціць, каб такая карціна яўна правалілася ў пракаце і гэта было бачна простым вокам. Дзеля таго, паводле сведчання крыніц, праўладныя арганізацыі і кіраўніцтва навучальных устаноў арганізуюць шырокую кампанію па «добраахвотна-прымусовым» наведванні паказаў вучнямі і студэнтамі.
Некаторыя іншыя прапагандысцкія кінафільмы, у тым ліку расійскай вытворчасці, да арганізацыі масавага наведвання якіх не прыкладаліся адмысловыя намаганні, у пракаце цалкам праваліліся.
Каментары
а да вас гэта толькі зараз дайшло? Карл)