Ізраільская дзяўчына выратавалася падчас нападу ХАМАСа на фестываль, але праз год скончыла жыццё самагубствам

Ізраільцянку Шырэль Галан, якая выжыла пры нападзе тэрарыстаў ХАМАС на музычны фестываль Nova 7 кастрычніка 2023 года, раніцай 20 кастрычніка 2024 года знайшлі мёртвай у двары яе дома недалёка ад Нетаніі. Акурат у гэты дзень Шырэль споўнілася 22 гады, піша The Times of Israel.

21.10.2024 / 15:48

Шырэль Галан. Фота з фэйсбука

У мінулым кастрычніку Шырэль была разам з сябрам на музычным фестывалі Nova, які праходзіў у пустыні побач з кібуцам Рэім на поўдні Ізраіля, калі на яго напалі тэрарысты ХАМАС.

Спачатку яна з сябрам спрабавала выехаць з фестывалю на машыне, але беспаспяхова. Як расказвала сама Шырэль, яны некалькі гадзін хаваліся ў кустах і ледзь не селі ў іншую машыну — усе 11 яе пасажыраў у выніку былі забітыя або выкрадзеныя тэрарыстамі. Урэшце выбрацца з месца нападу сябрам дапамог паліцэйскі.

Пасля перажытага ў Шырэль пачалі праяўляцца сімптомы посттраўматычнага разладу (ПТСР), уключаючы дысацыяцыю і адчужэнне, паведамілі яе сваякі.

Адзін са старэйшых братоў Шырэль Эяль (усяго ў сям'і было пяцёра дзяцей, Шырэль была малодшай) расказаў, што ягоная сястра ўсё мацней апускалася ў дэпрэсію і зусім не хацела выходзіць з дому. Шырэль двойчы шпіталізавалі ў псіхіятрычную клініку, але афіцыйна дыягназ ПТСР, са слоў сям'і, ёй так і не паставілі.

Паводле яго, маці Шырэль была вымушаная датэрмінова пайсці на пенсію, каб быць побач з дачкой. Ён расказвае, што сям'я не адыходзіла ад Шырэль «ні на міліметр», а адзіны раз, калі яны пакінулі яе адну, адбыўся раніцай у яе дзень нараджэння. Шырэль павінна была адправіцца з бацькамі да Сцяны Плачу, але не захацела, сказаўшы, што застанецца спаць дома. А пасля здарылася трагедыя.

На фестывалі Nova 7 кастрычніка загінулі больш за 360 чалавек. Яшчэ дзясяткі былі захопленыя тэрарыстамі ў закладнікі. Усяго ў выніку нападу ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года загінулі каля 1200 чалавек, яшчэ 250 апынуліся ў палоне.

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх

Ізраіль аб'явіў, што шэсць закладнікаў у Газе знойдзены мёртвымі, адзін з іх расіянін

Ізраіль вызваліў закладніцу, кадры выкрадання якой разляцеліся па свеце

Знайшлі цела Шані Лук, якая загінула ад рук тэрарыстаў ХАМАС

У нападзе на Ізраіль удзельнічала 190 супрацоўнікаў ААН — зліты дакумент разведкі

Бацькі Шані Лук, чыё фота абляцела свет, паведамілі, што дзяўчына памерла 

«Нават падчас вайны адчуваю сябе больш абароненай, чым у Беларусі». Беларуска расказала, як цяпер жывецца ў Ізраілі

Nashaniva.com