Беларускі сцяганосец на Алімпіядзе ў Токіа стаў рыэлтарам
Раней беларускі пяціборац Ілля Палазкоў расказваў у сацыяльных сетках пра тое, што марыць пра алімпійскі медаль. Хлопец удзельнічаў у Алімпіядзе ў Токіа і нават нёс чырвона-зялёны сцяг на цырымоніі закрыцця. Але адрокся мары і стаў рыэлтарам.
22.10.2024 / 07:00
Ілля Палазкоў на Алімпіядзе ў Токіа. Скрыншот з відэа
Ілля Палазкоў двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету па сучасным пяцібор'і, пераможца фіналу Кубка свету ў мужчынскай эстафеце.
Сёлета ён казаў пра тое, што думае пра завяршэнне спартыўнай кар’еры. У афіцыйных інтэрв’ю спартовец адзначаў, што стаміўся ад спорту.
— Думаю, гэта быў апошні мой сезон на міжнароднай арэне. Таму што наш від спорту перажывае вялікія змены. Дысцыпліна «канкур» у нас будзе замененая. Мне гэта вельмі не цікава, я сябе не бачу ў спорце. І сусветнае пяцібор'е як від спорту больш не бачу.
Раней Ілля спрабаваў выглядаць аптымістам, нягледзячы на нядопуск праз санкцыі беларусаў на прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы. І нават падтрымліваў тэзіс прапаганды, што расійскі Кубак Ляднёва — гэта нармальная альтэрнатыва Кубка свету.
Але ж, напэўна, зразумеў, што шансаў рэалізаваць мару аб алімпійскім золаце з кожным днём становіцца ўсё менш. Асабліва пасля таго, як пяціборак Марыю Гнедчык і Насту Пракапенку не дапусцілі на Алімпійскія гульні ў Парыжы нават пры наяўнасці ліцэнзій.
— Думаю, што гэта вельмі несправядліва. Дзяўчынкі нашы вельмі моцныя. У прыватнасці, Маша Гнедчык заслужыла пуцёўку больш чым. Яна паказала сябе вельмі моцнай спартоўкай і, упэўнены, сусветная эліта ўжо баялася яе.
У ліпені Ілля распавядаў журналістам, што падаў дакументы ў магістратуру ў Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт спорту.
Нарэшце спартовец прыняў канчатковае рашэнне пайсці з вялікага спорту і расказаў у інстаграме, што стаў агентам па нерухомасці — абяцае дапамагчы набыць ці прадаць кватэру. І распавядае, што сваю кватэру набыў у 24 гады, пазычыўшы грошы ў сяброў.
Першай са зменамі ў жыцці яго ў інстаграме павіншавала жонка — вядучая Белтэлерадыёкампаніі Марыя Багатыр, якая нядаўна вяла і «Марафон адзінства» ў Гомелі. Яна, у адрозненне ад мужа, сёлета ў Парыж трапіла. Праўда, у Францыю Марыя паехала не як журналістка на Алімпіяду — яна весела бавіла час з сяброўкай у Дыснэйлэндзе.
Віталь Гуркоў скончыў спартыўную кар'еру
Стаў бацькам падчас Алімпіяды. Хто такі Яўген Залаты — наша надзея ў веславанні
Валейбаліст зборнай Беларусі завяршыў кар'еру і стаў псіхатэрапеўтам у Варшаве