Мінінфарм «просіць» кнігараспаўсюднікаў самастойна пазбавіцца ад «дэструктыўнай» літаратуры
Міністэрства інфармацыі 23 кастрычніка разаслала беларускім арганізацыям, якія распаўсюджваюць друкаваныя выданні, цыркулярны ліст з «просьбай» самастойна правесці ў сваім асартыменце чыстку, каб пазбавіцца ад «літаратуры, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым акрэсленне такой літаратуры — вельмі шырокае і неканкрэтнае.
25.10.2024 / 19:30
У лісце Мінінфарм паведамляе, што вядзе пастаянную працу «па выяўленні і недапушчэнні распаўсюджання дэструктыўнай літаратуры, якая ў тым ліку ўплывае на духоўна-маральную сферу як на важны складнік нацыянальнай бяспекі».
Пры гэтым у міністэрстве ведаюць, што
«ў кнігарнях, буйных гандлёвых сетках і інтэрнэт-крамах маюцца ў продажы друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні пра палавое выхаванне дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці».
Дзеля таго, «з мэтай захавання маральных каштоўнасцяў беларускага народа», кіраўнікоў адпаведных устаноў «просяць»
«самастойна правесці рэвізію друкаваных выданняў, якія рэалізуюцца арганізацыяй, і выдаліць з продажу друкаваныя выданні, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Хто вышуквае ў крамах і бібліятэках «экстрэмісцкую» літаратуру?
«Экстрэмісцкую літаратуру» складаем асобна». У бібліятэках рыхтуюцца да адкрыцця спецхранаў