Грамадства1717

«Экстрэмісцкую літаратуру» складаем асобна». У бібліятэках рыхтуюцца да адкрыцця спецхранаў

Слова «спецхран» прыйшло з Савецкага Саюза, гэта скарачэнне ад рускіх слоў «отдел специального хранения». Адмысловыя аддзелы для захоўвання забароненай літаратуры пэўны час існавалі нават у абласных бібліятэках. У 1990 годзе быў падпісаны загад аб ліквідацыі «спецхранаў» і перадачы кніг у агульныя фонды. Але пасля з'яўлення рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў бібліятэкары былі зноўку вымушаныя праводзіць «чысткі». Пра аднаўленне працы «спецхранаў» днямі на беларускім тэлебачанні заявіў Віктар Пшыбытка, намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

Ілюстрацыйнае фота: www.libdyatlovo.grodno.by

«Загад паліць кнігі не прыходзіў»

«Кіраўніцтва даслала нам гэты спіс, што складае МУС, мы знайшлі, што ў нас было, і адклалі асобна. Такога было няшмат. Тады яшчэ загадалі шукаць усё, дзе на вокладках «Пагоня» ці нешта бел-чырвона-белае. Атрымаўся ладны стос, бо гэта ж усё раней выдавалася законным чынам, у тым ліку гістарычныя кнігі. Што далей рабіць, нам пакуль не сказалі», — распавяла супрацоўніца бібліятэкі аднаго з абласных цэнтраў.

Ці праўда, што «экстрэмісцкія» кніжкі загадана спаліць?

«Можа, дзе і палілі. Хаця мне цяжка ўявіць, што бібліятэкары ўвогуле здатныя паліць кнігі, бо ў нас да іх асаблівае стаўленне. Загад паліць нам не прыходзіў. Мы пакуль іх проста адкладаем у асобнае месца ў кнігасховішчы».

Загадана звяртаць увагу на «патэнцыйна небяспечную» літаратуру

Яшчэ адна бібліятэкарка, якая працуе ў райцэнтры, распавяла, што кіраўніцтва аддзела культуры вырашыла працаваць «на апярэджанне»:

«Нам загадана рэгулярна праглядаць «экстрэмісцкі спіс», каб своечасова прыбіраць з бібліятэчнага фонду ўсё забароненае. Скажу адразу: шмат забароненага ў нас не было. Але з аддзела культуры прыйшло ўказанне, каб мы звярталі ўвагу і на кнігі, дзе крытыкуюць Расію, дзе надта хваляць замежныя краіны, і забіралі іх таксама. Іх у спісе няма, але нам патлумачылі, што «раптам могуць дадаць».

Паводле жанчыны, спісаная «экстрэмісцкая» літаратура часткова ляжыць у бібліятэцы, а часткова яе кудысьці знеслі. Куды — яна не ведае. Цяпер па бібліятэках пайшлі чуткі, што ўсё «экстрэмісцкае» трэба будзе цэнтралізавана здаць — ці то ў вобласць, ці то ў Менск. Але афіцыйных распараджэнняў пакуль няма.

Спецхраны ў Беларусі зноў дзейнічаюць

Як вынікае з тэлесюжэта, паказанага на тэлеканале «Беларусь 1», «спецхран» у Нацыянальнай бібліятэцы ўжо ёсць. І гэта першая афіцыйная згадка пра такога кшталту спецыялізаваны фонд. Цяпер вызначаецца парадак, каму і ў якіх выпадках будуць выдавацца «экстрэмісцкія» кнігі. Меркавана, доступ да іх будуць мець даследчыкі з накіраваннем ад канкрэтнай навуковай ці навучальнай установы, дзе будуць указаныя тэма і мэта даследавання.

Гісторыя паўтараецца, кажа адзін з беларускіх навукоўцаў, які памятае яшчэ савецкія «спецхраны»:

«Да канца 1980-х гадоў пра так званыя аддзелы адмысловага захоўвання нідзе шырока не паведамлялася, згадак пра іх не было ў раскладзе працы бібліятэк, туды нават не было паказальнікаў у калідоры. Але пра іх існаванне ўсё ж ведалі, перадусім навукоўцы, якія мелі допуск да працы з забароненай літаратурай. Праўда, пагартаць нешта, што не тычыцца тваёй тэмы, было немагчыма: усё выдавалі па спісе і пад асабісты подпіс».

Шырока загаварылі пра «спецхраны» ўжо ў часы перабудовы, і недзе з 1987 года ў бібліятэках пачалася праца, каб даць доступ да гэтай літаратуры шырокаму чытачу. Схаваныя ад яго раней выданні часта былі ўнікальнымі, а іх колькасць уражвала. Прыкладам, адпаведны фонд маскоўскай Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна налічваў каля 27 тысяч савецкіх і каля 25 тысяч замежных кніг, 572 тысячы замежных часопісаў і больш за 8 тысяч гадавых камплектаў замежных газет.

Перадача гэтай літаратуры ў адкрыты доступ стала паказнікам адкрытасці. Да таго забароненыя творы чыталі ў машынапісных копіях начамі, употай перадаючы сябрам і знаёмым, кажа навуковец.

Магілёўскі краязнавец распавёў «Нашай Ніве», што «засакрэчаны фонд» у абласной бібліятэцы быў створаны ў 1920-я гады:

«Было ў ім больш за дзве тысячы розных выданняў і дакументаў. Асноўная прычына, чаго яны туды трапілі, — антысавецкая прапаганда, якую паўсюль бачылі тагачасныя «ідэолагі». У 1955 годзе «спецхран» у магілёўскай бібліятэцы расфарміравалі: Дзяржаўнай бібліятэцы БССР перадалі 74 паасобнікі розных кніг і 39 асобнікаў часопіса «Полымя». Усяго 17 выданняў вярнулі ў агульныя фонды, астатняе знішчылі — як было напісана ў дакументах — «шляхам дробнай рэзкі». Такім чынам расправіліся з «ідэйна чужымі» кнігамі першага прэзідэнта беларускай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, стваральнікаў БНР Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка».

Падобны лёс можа чакаць і тыя выданні, якія абвяшчаюць «экстрэмісцкімі» сёння. 

Паварот ад аўтарытарызму да таталітарызму ў Беларусі

Паварот ад аўтарытарызму да таталітарызму ў Беларусі пачаўся з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з многіх участкаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

Пасля гэтага ў краіне пачаліся масавыя рэпрэсіі, а непадкантрольныя лукашыстам СМІ і арганізацыі былі разгромленыя. За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават базавыя нормы законнасці і маралі.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

Улады распаўсюдзілі свой татальны кантроль і на сферу кнігавыдавецтва. З дваццаці трох кніг, прызнаных экстрэмісцкімі сёлета, паўтара дзясятка закранаюць тэму гісторыі або нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Сярод іх, да прыкладу, «Забытая Беларусь» Вадзіма Дзеружынскага, «Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi «рускага свету» i Беларусь. Выпуск 6» пад агульнай рэдакцыяй Анатоля Тараса. І нават мастацкая літаратура — творы Ларысы Геніюш і Лідзіі Арабей.

Каментары17

  • Anatol Starkou
    20.09.2023
    Кругаварот спецхрана ў прыродзе беларусаў. 
    Вось. А вы хацелі паскакаць дзень-другі ў бчб белых насочках на лавачцы на плошчы Незалежнасці ў 2020-м і гатовы беларусы да швейцарскай дэмакратыі. Шаз.
    Глядзіце зараз, як і я, з-за бугра на нашу эвалюцыю. 
  • даведка
    20.09.2023
    Понятно теперь, почему гендиректором национальной библиотеки сделали экс-сотрудника генпрокуратуры Гигина.
  • Еек
    20.09.2023
    гебельсятина

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку33

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядомай самая частая прычына разводаў у Беларусі. І гэта не здрада19

Дзёрзкія злодзеі абакралі прынца Уільяма і Кейт Мідлтан, пакуль тыя спалі

Праз гвалт, пагрозы і ўгаворы. Як ідэолагі забяспечваюць «народную любоў» да Лукашэнкі сярод медыкаў10

Аляксей Дзікавіцкі датэрмінова пакідае «Белсат»10

Лукашэнка прызнаў, што першапачаткова выбары збіраліся правесці ў лютым3

У Турцыі прапалі дзве беларускія альпіністкі1

«Кахаю цябе, сумую па табе» — напісаў жонцы ў сацсетках. Праз некалькі гадзін забіў яе і двух яе дзяцей4

«Гэта кардынальна мяняе ўвесь расклад у вядзенні баявых дзеянняў». Што Z-блогеры думаюць пра ўдары ATACMS па Расіі?8

«Бывае балюча». Наста Роўда — пра хейт, уласны стыль і каманду «ТОК» 35

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку33

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Галоўнае
Усе навіны →