У Маскве завяршаецца суд над двума беларусамі, абвінавачанымі ў дыверсіі. Пракурор запатрабаваў вялізныя тэрміны
У Маскоўскім абласным судзе судзяць грамадзян Беларусі Арцёма Брэскага і Кірыла Басько, абвінавачаных у дыверсіі, здзейсненай у чыгуначным дэпо падмаскоўнага Арэхава-Зуева. Паводле абвінавачвання, беларусы нібыта па заданні СБУ падпалілі кабіну электравоза УЛ-10, піша расійская «Медиазона».
25.10.2024 / 20:05
Кірыл Басько (злева) і Арцём Брэскі (справа) у судзе. Фота: Медиазона
Суд ідзе з пачатку года і цяпер набліжаецца да заканчэння. Пракурор папрасіў прысудзіць абвінавачаных да вялікіх тэрмінаў у калоніі строгага рэжыму: Арцёма Брэскага да 14,5 гадоў, а Кірыла Басько — да 14 гадоў.
Прадстаўнік Расійскай чыгункі таксама заявіў грамадзянскі пазоў на суму ў памеры 2 мільёны 874 тысячы расійскіх рублёў. Абодва падсудныя выказваюць гатоўнасць пакрыць шкоду, але не пагадзіліся з сумай. Брэскі лічыць, што яна «няправільна палічаная», таму што «бачыў лакаматыў, ён быў увогуле нерабочы».
Ураджэнцаў Віцебска Басько і Брэскага, якія прыехалі ў Маскву на заробкі, затрымалі ў Маскве 27 снежня 2022 года. У той дзень на іх склалі пратаколы аб дробным хуліганстве і аштрафавалі за лаянку ў грамадскім месцы. Пазней суд арыштаваў беларусаў па артыкуле аб наўмысным пашкоджанні маёмасці, і толькі пасля абвінавачванне перакваліфікавалі па артыкуле аб дыверсіі.
Паводле версіі следства, Басько і Брэскі за ўзнагароджанне падпалілі электравоз у лакаматыўным дэпо «Арэхава-Зуева». Такое заданне даў ім невядомы, які размясціў аб'яву аб працы ў тэлеграм-канале «Вписки-Москва» і прадставіўся «Юрыем».
Павел Памітун, оперупаўнаважаны ФСБ, які выступаў у судзе сведкам, сцвярджаў, што «Юрый» нібыта аказаўся ўкраінскім разведчыкам, хоць спецслужба і не высветліла яго асобу. На пытанне, як ён прыйшоў да высновы, што «Юрый» служыць у ГУР, Памітун адказаць не змог.
Паводле паказанняў, якія Басько і Брэскі давалі на следстве, падпал электравоза быў не адзіным заданнем «Юрыя» — спачатку той прапанаваў падпаліць аўтамабіль, а пасля яшчэ адзін лакаматыў, але ўжо ў Маскве. Пры гэтым, як вынікае з зачытанага ў судзе пратаколу допыту Басько, яны з Брэскім падманулі «Юрыя»: выдалі знойдзены ў інтэрнэце ролік за відэасправаздачу аб падпале машыны і атрымалі ганарар у біткоінах.
У судзе абодва падсудныя адмовіліся ад гэтых паказанняў. Басько заявіў, што падпісаў пратакол не чытаючы, бо падчас допыту нейкі мужчына біў іх з Брэскім і пагражаў надзець мяшок на галаву. Брэскі, калі ў судзе зачыталі пратакол ягонага допыту на следстве, сказаў: «Такога не было, як там пішуць! Такія паказанні не даваў».
Паводле хадайніцтва пракурора суд дапытаў следчую Кацярыну Бірудзенку, якая вяла допыт Басько і Брэскага ў статусе падазраваных і распачынала супраць іх крымінальную справу. Ёй прадставілі на агляд пратакол допыту. У ім абаронца Брэскага пісаў, «што ён не спаў больш за суткі і дрэнна сябе адчуваў». Бірудзенка заявіла, што ён сам на самай справе «адчуваў сябе добра», нічога не казаў пра тое, што правёў у аддзеле ўнутраных спраў «Басманны» двое сутак без сну і не прасіў рабіць перапынкаў у допыце ці не праводзіць яго ў начны час. Ці разглядала яна заўвагу адваката, Бірудзенка нібыта не памятае.
Абодва падсудныя прасілі перакваліфікаваць справу па артыкуле аб пашкоджанні маёмасці, настойваючы, што нічога не ведалі пра верагодную сувязь «Юрыя» з украінскай разведкай (той нібыта прадставіўся блогерам-пранкерам) і не збіраліся выводзіць з ладу транспартную інфраструктуру. Лакаматыў, які яны падпалілі, быў старым і няспраўным, а ў кабіне машыніста «ўсё было разламана», казалі Басько і Брэскі ў судзе.
Маладыя людзі расказалі, што выкарыстоўвалі толькі «трошачкі» запальнай сумесі, а заплечнік з пакінутым пасля падпалу палівам пакінулі ў хостэле. Яго знайшла прыбіральшчыца і выклікала паліцыю — тады беларусы самі адправіліся забіраць заплечнік у АУС «Басманны», дзе і былі затрыманыя.
Двух беларусаў судзяць за дыверсію на чыгунцы пад Масквой
Двух беларусаў арыштавалі ў Маскве і абвінавацілі ў падпале электравоза
Затрыманага ў Лельчыцкім раёне «дыверсанта» будуць судзіць па нечаканым артыкуле