Упершыню са жніўня Трамп абагнаў Харыс. Усе штаты, якія вагаюцца, таксама за яго
Паводле вынікаў сацыялагічных апытанняў у ЗША, Дональд Трамп апярэджвае Камалу Харыс на 0,1%. Такая перавага — на мяжы статыстычнай хібы, але адметна, што ён вырваўся наперад упершыню з 4 жніўня.
26.10.2024 / 18:17
Дональд Трамп на перадвыбарчым мітынгу 25 кастрычніка. Фота: AP Photo/Paul Sancya
Сайт Realclearpolling акумулюе электаральныя даследаванні, якія праводзяць усе амерыканскія сацыялагічныя службы, і выводзіць сярэдняе значэнне за апошні час.
Напрыклад, Wall Street Journal дае Трампу перавагу на 3%. CNN і New York Times бачаць нічыю, а вось Reuters фіксуе перавагу Харыс на 2%.
На працягу двух з паловай месяцаў Харыс абганяла свайго канкурэнта-рэспубліканца, у пачатку кастрычніка яе перавага дасягала 2,2%. Цяпер жа наперадзе Трамп — на 0,1%.
Аднак гэта гаворка пра абсалютныя лічбы, а ў ЗША мае значэнне галасаванне па штатах. І вось тут у Трампа ўсё добра — ва ўсіх сямі штатах, якія вагаюцца, у яго перавага. Напрыклад, у Пенсільваніі — 0,6%, у Мічыгане — 0,2%, у Джорджыі — 2,2%.
Такім чынам, калі б выбары адбываліся зараз, то Трамп бы перамог Харыс з разгромным вынікам — 312-226.
ФБР расследуе ўзлом тэлефона Трампа кітайскімі хакерамі
Камала Харыс назвала Трампа фашыстам
Трамп папрацаваў у «Макдональдсе». Так ён рашыў упікнуць Харыс
У Каліфорніі перад мітынгам Трампа затрымалі мужчыну з драбавіком і пісталетам