Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не
Па словах польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, усталяванне абарончых умацаванняў на межах з Беларуссю і Расіяй у рамках праграмы «Усходні шчыт» — гэта рэінкарнацыя жалезнай заслоны, якая абгародзіць вольны свет ад нявольнага.
27.10.2024 / 22:37
Анджэй Дуда. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski
У інтэрв'ю брытанскаму выданню The Times прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што сістэма абарончых умацаванняў на межах з Беларуссю і Расіяй у рамках праграмы «Усходні шчыт», якую плануюць пачаць будаваць у бліжэйшыя месяцы, ёсць новай версіяй жалезнай заслоны, што «абароніць Польшчу і вольны свет ад незадаволеных імперскіх амбіцый Расіі».
Жалезная заслона — гэта сусветна вядомы тэрмін часоў Халоднай вайны, які азначаў палітычны і ідэалагічны падзел паміж савецкім Усходам і дэмакратычным Захадам. Тэрмін сімвалізуе ізаляцыю і строгі кантроль, што перашкаджалі свабоднаму перамяшчэнню людзей і інфармацыі паміж двума блокамі краін.
«Некаторыя палітыкі на Захадзе глядзяць на гэта з жахам. Аднаўленне жалезнай заслоны — апошняе, што яны хочуць бачыць. Але я скажу так: калі бяспека маіх суайчыннікаў можа быць забяспечаная толькі шляхам паўторнага ўзняцця жалезнай заслоны, то добра, няхай будзе жалезная заслона, пакуль мы знаходзімся з боку вольнага свету», — сказаў Дуда выданню The Times.
Пры гэтым Дуда адзначыў, што яму не падабаюцца планы польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска ўвесці абмежаванні на палітычныя прытулкі для мігрантаў, якія, на думку Дуды, могуць закрануць палітэмігрантаў з Беларусі.
«Да 1989 года мы самі карысталіся палітычным прытулкам у заходнееўрапейскіх краінах. Таму мы не павінны закрываць межы для ўсіх, а толькі моцна іх ахоўваць ад тых, хто едзе ў Еўрапейскі саюз па магчымасць атрымліваць грошы проста так», — падкрэсліў Дуда.
Афіцыйная мэта «Усходняга шчыта» — абараніць Польшчу ад нелегальнай міграцыі і магчымага ваеннага ўварвання з боку Беларусі і Расіі. Праграма прадугледжвае будаўніцтва новых умацаванняў, платоў, стварэнне спецыяльных лясных насаджэнняў і змяненне формы рэльефу мяжы Польшчы з дзвюма краінамі.
Цалкам скончыць будаўніцтва лініі абароны плануецца да 2028 года. Каштаваць праграма будзе каля 10 млрд злотых (каля $2,6 млрд).
Урад Польшчы ўхваліў стратэгію супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі. Сталі вядомыя новыя дэталі
У Польшчы збіраюцца пастрожыць умовы выдачы карты паляка. Надта шмат злоўжыванняў