Карыстаецеся вадкасцю для паласкання рота штодня? Дактары засцерагаюць ад гэтага

Паласканне рота спецыяльнай вадкасцю стала для многіх штодзённым рытуалам. Але мала хто ведае, што гэта можа нашкодзіць.

29.10.2024 / 21:03

Фота: Jose A. Bernat Bacete / Getty Images 

Рэклама падае вадкасці для паласкання ротавай поласці як эфектыўны сродак у барацьбе з зубным налётам, непрыемным пахам і захворваннямі дзяснаў. Аднак ніколі не кажуць пра адмоўнае ўздзеянне.

Спецыялісты папярэджваюць пра тое, што працяглае ўжыванне антыбактэрыйных вадкасцяў для апалосквання рота можа выклікаць нечаканыя наступствы для здароўя як у ротавай поласці, так і для арганізма ў цэлым. Даследаванні ўздымаюць важныя пытанні пра бяспеку гэтых сродкаў.

Антыбактэрыйныя апалосквальнікі створаныя для знішчэння або падаўлення росту бактэрый у роце з дапамогай розных хімічных рэчываў, якія могуць парушаць баланс мікрафлоры ротавай поласці, знішчаючы як шкодныя, так і карысныя бактэрыі.

Хоць рот можа здавацца чыстым адразу пасля ўжывання апалосквальніка, шкодныя бактэрыі аднаўляюцца хутчэй, што робіць людзей больш уразлівымі да інфекцый і запаленчых захворванняў, такіх як гінгівіт і парадантыт.

Акрамя таго, многія апалосквальнікі, асабліва з утрыманнем спірту, могуць выклікаць сухасць у роце і зніжэнне ўзроўню сліны, якая адыгрывае ключавую ролю ў падтрымцы здароўя ротавай поласці, нейтралізуючы кіслоты, выдаляючы рэшткі ежы і кантралюючы рост бактэрый.

Памяншэнне патоку сліны не толькі выклікае дыскамфорт, але і павялічвае рызыку ўзнікнення карыесу, захворванняў дзяснаў, стаматыту, язваў у роце і дрэннага паху з рота.

Некаторыя даследаванні звязваюць празмернае выкарыстанне апалосквальнікаў на аснове спірту з падвышанай рызыкай развіцця раку ротавай поласці, бо яны спрыяюць пранікненню канцэрагенных рэчываў, такіх як нікацін, у слізістую абалонку.

Так, вынікі аднаго з даследаванняў паказалі, што трохмесячнае выкарыстанне сродку для паласкання рота са спіртам «Лістэрын» прывяло да значнага павелічэння колькасці двух відаў умоўна-патагенных бактэрый: Fusobacterium nucleatum і Streptococcus anginosus. Гэтыя бактэрыі звязаныя з больш высокай рызыкай захворванняў дзяснаў, а таксама раку стрававода і тоўстай кішкі.

Яшчэ адной нечаканай рызыкай, звязанай з антыбактэрыйнымі вадкасцямі для апалосквання ротавай поласці, з'яўляецца іх уплыў на здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы. Як тлумачаць спецыялісты, працэс стрававання пачынаецца ў ротавай поласці, дзе здаровыя бактэрыі дапамагаюць ператвараць нітраты з ежы ў аксід азоту, які адыгрывае важную ролю ў рэгуляванні артэрыяльнага ціску.

Даследаванні паказалі, што ў людзей, якія выкарыстоўвалі антыбактэрыйныя апалосквальнікі для рота двойчы ў дзень, назіралася павышэнне артэрыяльнага ціску.

Больш трывожным з'яўляецца тое, што кагортныя даследаванні паказалі сувязь паміж антысептычнымі апалосквальнікамі для рота і павышанай смяротнасцю сярод шпіталізаваных пацыентаў. Даследчыкі лічаць, што гэта звязана з парушэннем балансу аксіду азоту, што аказвае негатыўнае ўздзеянне на хранічныя захворванні, такія як атэрасклероз і дыябет, што, у сваю чаргу, павялічвае рызыку сур'ёзных ускладненняў, уключаючы ішэмічную хваробу сэрца і сепсіс.

Улічваючы патэнцыйныя рызыкі антыбактэрыйных вадкасцяў для апалосквання ротавай поласці, эксперты рэкамендуюць іх выкарыстоўваць з асцярожнасцю. Такія сродкі могуць быць карыснымі ў пэўных сітуацыях — напрыклад, пасля стаматалагічных працэдур ці для кароткатэрміновага лячэння захворванняў дзяснаў, аднак не варта прымяняць іх у якасці штодзённай прафілактыкі.

Многія стаматолагі згодныя з тым, што лепш прытрымлівацца больш збалансаванага падыходу да гігіены поласці рота. Рэгулярная чыстка зубоў, зубная нітка і захаванне здаровай дыеты могуць значна дапамагчы ў прадухіленні праблем з зубамі без неабходнасці прымянення антыбактэрыйных вадкасцей для паласкання рота. А асвяжыць дыханне дапамогуць неантысептычныя апалосквальнікі з утрыманнем эфірных алеяў.

Беларускія навукоўцы замахнуліся на вакцыну ад карыесу

Вось што важна для захавання здароўя вашых зубоў

Навукоўцы хочуць лекаваць карыес з дапамогай ствалавых клетак

Як пазбавіцца плямаў на зубах

Nashaniva.com