БЕЛ Ł РУС

Грамадства

«Проста сагналі ўсіх на двор і не сказалі навошта». Як здымаюцца ролікі для флэшмобу «Надо»

30.10.2024 / 20:36

Nashaniva.com

У Беларусі запусцілі флэшмоб: дзяржарганізацыі і дзяржорганы публікуюць відэа, дзе супрацоўнікі гавораць: «Надо» Так яны просяць Аляксандра Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. «Люстэрка» спытала беларусаў пра тое, як ім прапаноўвалі паўдзельнічаць у флэшмобе і ці можна было адмовіцца. Імёны суразмоўцаў змененыя для іх бяспекі.

Слова «Надо», выкладзенае гродзенскімі таксістамі з машын

Ігар вучыцца ў адным з мінскіх універсітэтаў. Ён расказаў, што такое відэа здымалі ў ягонай ВНУ — і асаблівага ціску не было.

«Мяне асабіста не запрашалі, але запрашалі аднагрупнікаў. Адзін чалавек адмовіўся, і ніхто не настойваў на яго ўдзеле, але астатнія, як потым сказалі, нават не задумваліся, што можна адмовіцца», — расказвае ён і дадае, што выніковы ролік апублікавалі ў сацсетках ВНУ «ў жахлівай якасці».

«Смяяліся потым над гэтым усёй групай, уключаючы ўдзельнікаў. Смяяліся над самой ідэяй падобнага флэшмобу і над яго фармулёўкай, — кажа Ігар. — Любое згадванне слова «надо» цяпер суправаджаецца выбухамі смеху.

Вядома, ёсць некалькі чалавек, якія як быццам паставіліся да гэтага сур'ёзна, але з імі я кантактую мала, таму сказаць асабліва нічога не магу».

Яўген вучыцца ў адной з ВНУ абласнога цэнтра. Хлопец распавядае, што яго знаёмым таксама прапаноўвалі зняцца ў відэа. Гэтае заданне не было абавязковым для канкрэтных студэнтаў, «але хтосьці дакладна павінен зрабіць».

«Загад паступіў з рэктарата, — кажа Яўген. — Зняць відэа было абавязкова, не важна, хто быў бы ў кадры. Тыя, хто катэгарычна супраць, маглі адмовіцца».

Яшчэ адна чытачка Вікторыя расказала, што паўдзельнічала ў флэшмобе выпадкова, не разумеючы яго сутнасці.

«Нас проста сагналі ўсіх на двор і не сказалі навошта, дасталі камеру і сказалі крычаць: «Надо!», — расказала яна і дадала, што пра сэнс акцыі яна даведалася з навін. — Калі мы пыталіся навошта, нам казалі: «Сказалі крычаць, значыць, крычыце»…»

Яшчэ некалькі беларусаў, якія ўдзельнічалі ў запісе, згадалі пра ціск пры здымках відэа, але адмовіліся расказваць «Люстэрку» падрабязнасці.

Чытайце таксама:

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»

«Аргумент знойдзецца». Азаронак пагражае бізуном беларусам, якія не хочуць сёмага тэрміну Лукашэнкі

Улады Беларусі запусцілі флэшмоб: работнікаў і вайскоўцаў змушаюць прасіць Лукашэнку балатавацца на 7-ы тэрмін ВІДЭА

Крындж ад беларускіх прапагандыстаў цяпер і па-польску

Каментары да артыкула