«Аргумент знойдзецца». Азаронак пагражае бізуном беларусам, якія не хочуць сёмага тэрміну Лукашэнкі
Лукашэнка не раз называў сябе гарантам таго, што «народ больш не будзе хадзіць пад бізуном». Аднак у прапагандыста СТБ іншы погляд на гэтае пытанне.
Ідэолагі актыўна раскручваюць акцыю ў падтрымку вылучэння Лукашэнкі на яго сёмы тэрмін. Напярэдадні старт гэтаму праўладнаму флэшмобу далі «Беларуснафта» і спецназаўцы, а ўжо сёння ён ахоплівае бюджэтнікаў розных сфер з усёй краіны — ад бібліятэкараў да баскетбалістаў.
Сутнасць акцыі простая: пасля цытаты Лукашэнкі пра тое, што ён пойдзе на выбары, калі яго прыхільнікі скажуць «Надо!», людзі па камандзе кажуць «Надо!». Флэшмоб запусцілі ўжо пасля таго, як ініцыятыўная група Лукашэнкі падала дакументы на яго вылучэнне ў ЦВК.
Да акцыі далучыўся і прапагандыст СТБ Рыгор Азаронак. Праўда, зрабіў гэта крыху адрозным ад агульнай масы чынам. Ён запісаў ролік з Юрыем Васкрасенскім, якому задаў пытанне, ці трэба Лукашэнку вылучацца. Той адказаў: «Трэба. Не проста трэба, а вельмі неабходна».
Гэта меркаванне падтрымаў і Азаронак.
«А для тых, каму не трэба, у нас таксама аргумент знойдзецца», — дадаў вядучы і дастаў ці то бізун, ці то нагайку.
Такая пагроза Азаронка на адрас тых, хто не падтрымлівае пажыццёвае кіраванне Лукашэнкі, даволі іранічная. Сам Лукашэнка актыўна выкарыстоўвае вобраз бізуна ў сваіх выступах, праўда, у іншым кантэксце.
Ён усяляк культывуе міф пра тое, што да яго прыходу да ўлады беларусы «хадзілі пад бізуном і ў лапцях».
«І ўсім, хто дрэнна глядзіць на нас, будзем адназначна казаць пра тое, што пад бізуном мы больш ніколі хадзіць не будзем», — казаў Лукашэнка яшчэ ў 2019 годзе ў храме Усіх Святых на вуліцы Каліноўскага ў Мінску.
У тым жа самым годзе, выступаючы ў Вайсковай акадэміі, ён палохаў усіх дэстабілізацыяй, выкарыстоўваючы той жа вобраз: «Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну — яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном».
Успомніў пра бізун Лукашэнка і на праўладным мітынгу 16 жніўня 2020 года ў самы разгар пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту.
«Нам прапануюць салдат НАТА — чарнаскурых, жаўтаротых і белабрысых. Хочуць апрануць у лапці і паганяць бізуном! Няўжо вы гэтага не бачыце! Калі хтосьці гэтага хоча — без мяне», — крычаў Лукашэнка на плошчы Незалежнасці.
Пасля ён яшчэ не раз выкарыстаў свой любімы вобраз. У жніўні гэтага года ён, напрыклад, заклікаў настаўнікаў не баяцца працаваць у выбаркамах: «Будзеце баяцца — будзеце чарговы раз пад бізуном хадзіць».
На «Дажынках» два тыдні таму ён паўтарыў падобны рэфрэн:
«Мы нікому нідзе не патрэбныя. Мы патрэбныя, можа быць, камусьці толькі на каленях, у лапцях і пад бізуном, як калісьці было. Але гэта не наш шлях».
Цяпер жа радыкальны прыхільнік Лукашэнкі, наадварот, прапануе беларусам яшчэ пахадзіць пад бізуном — да зборшчыкаў подпісаў і на выбарчыя ўчасткі.
Каментары
А вы пишите, пишите.