Вучоныя высветлілі, колькі трэба есці рыбы

Праведзеныя раней даследаванні дапускалі, што ўжыванне рыбы зніжае рызыку нейрадэгенератыўных захворванняў, але доказы былі супярэчлівымі.

04.11.2024 / 21:09

Фота: Cattalin / Pixabay

Новае даследаванне міжнароднай групы вучоных, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Aging Clinical and Experimental Research было накіравана на высвятленне сувязі паміж спажываннем рыбы і кагнітыўным здароўем.

Аўтары правялі мета-аналіз 35 даследаванняў, якія ахоплівалі больш за 849 тысяч удзельнікаў з розных краін, у якіх аналізаваліся звычкі ў харчаванні людзей, старэйшых за 50 гадоў, у прыватнасці, спажыванне рыбы, і адсочваліся кагнітыўныя функцыі ўдзельнікаў на працягу часу.

Для адзнакі ўзроўню спажывання рыбы выкарыстоўвалася як анкетаванне, так і дзённікі харчавання. Кагнітыўныя функцыі ацэньваліся з дапамогай спецыяльных тэстаў, а таксама клінічнай дыягностыкі дэменцыі і хваробы Альцгеймера.

Удзельнікаў падзялілі на групы ў залежнасці ад узроўню спажывання рыбы, пасля чаго параўноўвалі паказчыкі кагнітыўных парушэнняў паміж групамі з высокім і нізкім спажываннем. Для гэтага выкарыстоўвалі каэфіцыенты рызыкі — статыстычныя паказчыкі, якія паказваюць, наколькі верагодны пэўны зыход, напрыклад, кагнітыўнае парушэнне або дэменцыя, у адной групе ў параўнанні з іншай.

Даследаванне паказала, што людзі, якія спажывалі больш за ўсё рыбы, мелі ў сярэднім на 18% меншую рызыку кагнітыўных парушэнняў у параўнанні з тымі, хто еў рыбу радзей.

Таксама назіралася зніжэнне рызыкі дэменцыі на 18% і зніжэнне рызыкі хваробы Альцгеймера на 15%. Аднак для дэменцыі і хваробы Альцгеймера вынікі былі менш адназначнымі з-за адрозненняў паміж метадамі даследаванняў.

Таксама вучоныя паспрабавалі высветліць, ці можа павелічэнне спажывання рыбы прывесці да яшчэ большага зніжэння рызыкі (доза-адказ). Яны выявілі, што аптымальная карысць назіраецца пры спажыванні каля 150 грамаў рыбы ў дзень.

Аўтары адзначаюць, што неабходныя дадатковыя даследаванні для разумення механізмаў і фактараў, такіх, як генетычныя адрозненні, якія могуць уплываць на эфект спажывання рыбы на здароўе мозгу.

Вучоныя падкрэсліваюць, што ўплыў дыеты на здароўе чалавека ніколі не залежыць ад ізаляваных кампанентаў. Сувязь паміж рыбай і кагнітыўным здароўем будзе аптымальнай, калі яна будзе адбывацца ў кантэксце агульнай здаровай і ўстойлівай дыеты.

Хочаце знізіць або падвысіць сваю агрэсіўнасць на 30%? Вось просты спосаб

Хочаце захаваць здароўе і прыгажосць — уключыце ў свой рацыён Амега-3

Якую рыбу выбраць?

Ключ да прафілактыкі Альцгеймера можа быць у здаровым харчаванні — навукоўцы

Nashaniva.com