Хочаце знізіць або падвысіць сваю агрэсіўнасць на 30%? Вось просты спосаб
Харчовыя дабаўкі з рыбіным тлушчам, якія ўтрымліваюць амега-3, даўно вядомыя сваімі карыснымі ўласцівасцямі для здароўя сэрца. Аднак новае даследаванне паказала, што гэтыя дабаўкі таксама здольныя зніжаць узровень агрэсіі.
Агрэсіўныя паводзіны могуць выяўляцца як у адкрытай форме (словы, фізічны гвалт і здзекі), так і ў схаванай (вандалізм, псаванне маёмасці, крадзяжы). Яны могуць мець негатыўныя наступствы для міжасабовых адносін і грамадства, а таксама прыводзіць да праблем з правасуддзем. Таму важна знайсці спосаб зніжэння агрэсіі.
Вучоныя з Пенсільванскага ўніверсітэта (ЗША) прапануюць рашэнне. Як піша New Atlas, даследаванне, вынікі якога апублікаваныя на старонках часопіса Aggression and Violent Behavior, паказала, што звычайныя дабаўкі з амега-3 здольныя зніжаць агрэсіўныя паводзіны незалежна ад узросту і полу.
Варта адзначыць, што сувязь амега-3 з паводзінамі вывучалася яшчэ раней. У 2001 годзе доктар Джозэф Хібельн (Joseph Hibbeln) з Нацыянальнага інстытута здароўя ЗША апублікаваў даследаванне, у якім расказаў пра выяўленую сувязь паміж высокім спажываннем рыбы (вядома, што рыба багатая на амега-3) і больш нізкім узроўнем забойстваў.
У наступным годзе даследаванне, якое правялі вучоныя з Оксфардскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі, паказала, што ў зняволеных, якія атрымлівалі вітаміны і амега-3 тлустыя кіслоты, узровень гвалту і антыграмадскіх паводзін зніжаўся.
Даследчыкі з Універсітэта Пенсільваніі не толькі вывучалі ўплыў амега-3 на агрэсію, але і спрабавалі высветліць, ці дзейнічае гэты элемент на ўсе формы агрэсіі. У псіхалогіі агрэсію дзеляць на рэактыўную (адказ на пагрозу або правакацыю) і праактыўную (запланаваную).
Вучоныя прааналізавалі 29 даследаванняў, у якіх ацэньвалася агрэсія людзей, што прымалі амега-3. Яны сканцэнтраваліся менавіта на паводзінных праявах агрэсіі, а не на такіх эмацыйных яе праявах, як злосць або варожасць.
Вынікі паказалі сціплы, але значны кароткатэрміновы эфект, які прывёў да зніжэння агрэсіі на 30%. Пры гэтым амега-3 аказалася эфектыўнай як для рэактыўнай, так і для праактыўнай агрэсіі ва ўсіх людзей незалежна ад пола, узросту, зыходнага дыягназу, працягласці лячэння і дазіроўкі.
Вучоныя тлумачаць, што агрэсія і гвалт маюць кагнітыўную і нейрахімічную аснову. Акрамя таго, вядома, што амега-3 тлустыя кіслоты адыгрываюць важную ролю ў структуры і функцыянаванні мозга, уключаючы рэгуляванне нейрамедыятараў і экспрэсіі генаў, а таксама змяншаюць запаленчыя працэсы ў мозгу. Менавіта гэта і можа ўплываць на саму агрэсію.
Вучоныя падкрэсліваюць, што трэба правесці дадатковыя даследаванні, каб ацаніць доўгатэрміновы эфект прымянення амега-3 для зніжэння агрэсіі.
У той жа час яны адзначаюць, што настаў час уключаць гэтую харчовую дабаўку для зніжэння агрэсіўнасці незалежна ад таго, дзе яна праяўляецца — у грамадстве, клініцы ці пенітэнцыярнай сістэме. Прымаць амега-3 бяспечна не толькі для дарослых, але і дзяцей.
«Прынамсі, бацькі, якія шукаюць лячэння для агрэсіўнага дзіцяці, павінны ведаць, што ў дадатак да любога іншага лячэння, якое атрымлівае іх дзіця, дадатковая порцыя або дзве рыбы кожны тыдзень таксама могуць дапамагчы», — заўважаюць аўтары.
Вучоныя рэкамендуюць ужываць амега-3 тлустыя кіслоты ў спалучэнні з наяўнымі метадамі псіхалагічнага і псіхіятрычнага лячэння.
Каментары
Да таго, далей пішуць пра мета-аналіз з 29 даследаванняў.