Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс

Маладыя мужчыны не паверылі ў Харыс і пастулаты дэмакратаў. Але не толькі яны. Да Трампа схіліліся і вялікія сегменты іншых сацыяльных і расавых групаў.

06.11.2024 / 17:24

Дональд Трамп на канвенцыі Рэспубліканскай партыі, 18 ліпеня 2024 года. Фота: Anna Moneymaker/Getty Images

Першыя вынікі экзіт-пола AP VAP VoteCastoteCast, які даследаваў сімпатыі амерыканскіх выбаршчыкаў, даюць магчымасць зразумець, з каго складаецца электарат кандыдата ад Рэспубліканскай партыі ЗША.

У гонцы за прэзідэнцкае крэсла Трамп змог дабіцца прыхільнасці маладых выбаршчыкаў-мужчын.

Даныя апытання выбаршчыкаў у аўторак паказалі, што Трамп атрымаў на 11 працэнтных пунктаў больш галасоў мужчын ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, чым Камала Харыс (54% супраць 43%). У 2020 годзе сімпатыі гэтай групы выбаршчыкаў былі на баку Байдэна. Тады ён сабраў у гэтай катэгорыі 56% галасоў — на 15% больш за свайго апанента.

Трамп чарговы раз прыцягнуў больш белых выбаршчыкаў з сельскай мясцовасці,

што дапамагло яму набраць адрыў у шэрагу штатаў. Камала Харыс не змагла эфектыўна супрацьдзейнічаць гэтаму за кошт павелічэння сваёй падтрымкі ў гарадах. Гэта палегчыла Трампу дасягненне буйных перамог. Ягоная папулярнасць расла ў сельскіх і прыгарадных раёнах.

Харыс апярэдзіла Трампа сярод выбаршчыкаў з вышэйшай адукацыяй на 16 працэнтных пунктаў, у той час як Трамп выйграў сярод выбаршчыкаў без вышэйшай адукацыі на 9 працэнтаў.

Для параўнання, у 2020 годзе Байдэн таксама лідзіраваў сярод выбаршчыкаў з вышэйшай адукацыяй на 16 працэнтаў, але Трамп тады меў перавагу сярод людзей без дыплома толькі на 4 працэнты, што стварала разрыў усяго на 20 працэнтаў.

Назіральнікі адзначаюць, што выбары паказалі далейшы рост палітычнага расколу паміж людзьмі з вышэйшай адукацыяй і без яе.

Рэспубліканская партыя таксама дабілася істотных поспехаў сярод нябелых выбаршчыкаў.

Па дадзеных AP VoteCast, сярод чарнаскурых выбаршчыкаў доля галасоў за Трампа вырасла да 15% у параўнанні з 8% у 2020 годзе. Аналагічны скачок адбыўся і з лацінаамерыканцамі — Трамп атрымаў 41% галасоў гэтай групы выбаршчыкаў, што на 6 пунктаў вышэй, чым у 2020 годзе.

Агулам, Камала Харыс не здолела пераканаць амерыканскіх выбарцаў у сваёй здольнасці стаць эфектыўным і моцным прэзідэнтам. Трампа лічылі лепшым у здольнасці палепшыць эканоміку, і гэта прадвызначыла вынік выбараў.

Прэзідэнцкая гонка ў ЗША радыкальна падзяліла маладых жанчын і мужчын. У каго якія прыярытэты?

«Зменаў у палітыцы па Беларусі не будзе, але ёсць нюансы». Валер Кавалеўскі — пра тое, чаго чакаць ад Трампа

Ціханоўская павіншавала Трампа з перамогай на выбарах

Дональд Трамп абвясціў сваю перамогу на выбарах

Антось Жупран