У Вільні адбудзецца дабрачынны фестываль у падтрымку беларускіх палітвязняў

22 лістапада ў віленскім клубе LOFTAS музычная супольнасць Belarus Outside Sound System і Фонд салідарнасці Bysol правядуць сумесны фестываль у рамках міжнароднай эстафеты салідарнасці Voices Across Borders. Так арганізатары хочуць расказаць людзям па ўсім свеце пра палітычны крызіс і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

06.11.2024 / 18:55

Фестываль Belarus Outside Sound System X BYSOLidarity Relay далучаецца да эстафеты, каб прыцягнуць жыхароў Вільні да агульнай справы і сабраць сродкі на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.

На адной з найлепшых літоўскіх канцэртных пляцовак выступяць пост-панк дуэт Super Besse, які набыў сусветную вядомасць, і гіпна-поп артыстка Anastasia Rydlevskaya, а таксама беларускія дыджэі, добра вядомыя ў Вільні — Stereobeaver, Kornej і Papa Bo Selektah. Трапіць на мерапрыемства можна будзе за любое ахвяраванне ад 10 еўра. Сабраныя сродкі ў поўным аб’ёме будуць накіраваныя на збор эстафеты салідарнасці Voices Across Borders.

«Voices Across Borders» — гэта першая спроба знайсці падтрымку ў тым ліку і ў міжнароднай аўдыторыі, — паведамляюць ініцыятары эстафеты Фонд салідарнасці BYSOL. — Мы спадзяемся, што яна будзе паспяховай і стане штогадовай акцыяй салідарнасці з Беларуссю».

Фестываль беларускай фальклорнай песні пройдзе ў Вільні

У «Байсоле» расказалі пра апошнюю хвалю масавых затрыманняў і параілі, што рабіць людзям у зоне рызыкі

Грошы для дапамогі спеваку Памідораву сабралі за 180 хвілін

Nashaniva.com