Сякеры ад МТЗ, якія загадаў палепшыць Лукашэнка, паступілі ў продаж. Вось колькі яны каштуюць

Сякеры і калуны пад брэндам «Belarus» з'явіліся ў фірмовых крамах МТЗ у Мінску.

13.11.2024 / 18:22

Фота: МТЗ

МТЗ запусціў у продаж сякеры і калуны, якія заводы даручыў выпусціць Лукашэнка.

Першыя ўзоры сякер МТЗ — «Гарызонт» Лукашэнку паказалі яшчэ ў траўні. Тады ён загадаў тэрмінова наладзіць вытворчасць беларускіх сякер і бензапіл.

Пасля тэст-драйву Лукашэнка даручыў МТЗ палепшыць сякеры, распавёў прадстаўнік завода Андрэй Юшкевіч. 

«У выніку гэтага даручэння скарыстаны новы матэрыял для накладкі на дзяржальню сякеры. Таксама былі скарыстаныя новыя матэрыялы — гэта нанясенне фірмовага лагатыпа і пазначэнні на дзяржальні сякеры. Быў зменены крыху вугал завострывання для паляпшэння эксплуатацыйных характарыстык», — сказаў Юшкевіч.

Новыя калуны і сякеры разам з патэльнямі былі апрабаваныя на чэмпіянаце па колцы дроў сярод прапагандыстаў, які ў гэты раз выйшаў асабліва тэатральным.

А сёння МТЗ паведаміў, што сякеры паступілі ў свабодны продаж.

Іх можна знайсці ў фірменных магазінах завода ў Мінску. Сякера каштуе 132 рублі 65 капеек, а калун — 166 рублёў 78 капеек. Для продажу пакуль зрабілі каля 150 сякер і 50 калуноў. 

Першымі пакупнікамі прыйшлося стаць старшыні прафсаюза «Белпрафмаш» і кіраўніку завадской пярвічкі гэтага прафсаюза.

Nashaniva.com