Алексіевіч расказала, як ёй прапанаваў дапамогу расійскі мільярдэр Неўзлін
«Ад нашай сустрэчы засталіся вельмі добрыя ўспаміны. Ён вельмі прыгожа паступіў».
19.11.2024 / 08:00
Святлана Алексіевіч і Аляксей Неўзлін. Фота: скрыншоты відэа
У спецвыпуску ТОКу пісьменніца і нобелеўскай лаўрэатка Святлана Алексіевіч расказала пра сваю даўнюю сустрэчу з мільярдэрам, былым топ-менеджарам ЮКАСа Аляксеем Неўзліным.
Па словах Святланы Алексіевіч, яна не ведала акалічнасцей, звязаных з падтрымкай Неўзліным расійскіх рэсурсаў, якія атакуюць Святлану Ціханоўскую:
«Я гэтага не ведала. Я ведала толькі, што ён некаму дапамагаў. Але з якой мэтай, я гэтага не ведала».
Пісьменніца адзначыла, што з Неўзліным яна сустракалася толькі адзін раз. Па яе словах, сустрэча была выпадковай. Неўзлін сам выйшаў на пісьменніцу:
«Але ён убачыў, што я не ў стане [размаўляць]. Я пайшла з сустрэчы, паколькі вельмі дрэнна сябе адчувала».
«Ад сустрэчы ў мяне засталіся вельмі добрыя ўспаміны. Ён вельмі прыгожа паступіў, калі ўбачыў, наколькі я хворая. На той час я была з вельмі вялікім абвастрэннем сваёй хваробы. Ён дапамог мне з дактарамі ў Ізраілі. Гэта было вельмі па-чалавечы», —
дзеліцца ўражаннямі нобелеўская лаўрэатка.
«Я была ў такім дрэнным стане, што нават не магла гаварыць. І ён мне нічога не сказаў. А потым людзі ад яго пазванілі і сказалі, што яны аплацяць дактароў, якія мне дапамогуць. Сапраўды, гэта былі харошыя дактары. Яны прапанавалі нейкае лячэнне. Але я не рызыкнула. Падумала, што, можа быць, не трэба мне яшчэ і хірургічныя розныя ўмяшанні. Можа, мне дапамогуць таблеткі. А іншых кантактаў у мяне не было», — згадвае Алексіевіч і падкрэслівае:
«Абсалютна сумленна заяўляю — іншых кантактаў не было. А быў такі прыгожы чалавечы кантакт. Мне спадабалася, што ў яго такі парыў. Ён як бы і не ведаў мяне. Ну, магчыма, чытаў нешта, [як] ён гаварыў. Але аб тым, як ён потым шукаў шляхі уплыву на парадак дня ў Беларусі — гэта па-за мною».
А цяпер, па словах Алексіевіч, Неўзлін далучыўся да крытыкі пісьменніцы з нагоды яе выказвання аб уручэнні прэміі RAW in WAR палесцінскім журналісткам (Алексіевіч расказвала, што не ўручала гэту прэмію і не падтрымлівае ХАМАС).
«Маглі б мне пазваніць і сказаць: «Святлана, што адбылося?» Я б расказала», — заўважае Алексіевіч.
Глядзіце цалкам:
Святлана Алексіевіч: Давайце спачатку возьмем уладу, а потым будзем вырашаць моўнае пытанне
Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну
Алексіевіч: Я вярнуся, калі народ вернецца