«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах
У Канадзе папулярныя дзіцячыя сняданкі Froot Loops выглядаюць блякленька — яны афарбаваныя натуральнымі экстрактамі з морквы ці чарніц. А ў ЗША яны стракацяць рознымі колерамі: сінтэтычныя фарбавальнікі, напрыклад, Red 40, танныя, а амерыканцы ўвогуле падабаюць яркае, зыркае. Прызначэнне Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя ЗША актывізавала бурную спрэчку вакол гэтага.
22.11.2024 / 17:10
Вітрына са шматкамі Froot Loops ад Kellogg’s адной з крамаў Пенсільваніі. Фота: Gene J. Puskar / AP
Як піша The Wall Street Journal, Роберт Кенэдзі-малодшы паставіў перад сабой мэту забараніць выкарыстанне штучных фарбавальнікаў, якія ён называе «атрутай для нашых дзяцей», у прадуктах харчавання — такіх, як Froot Loops. Гэтыя шматкі, насычаныя яркай гамай чырвоных, жоўтых ды сініх колераў, вабяць дзяцей, але выклікаюць занепакоенасць бацькоў і актывістаў здаровага харчавання з-за магчымай шкоднасці.
Намер Кенэдзі падтрымалі некаторыя спажывецкія арганізацыі, якім даспадобы ідэя «аздараўлення» сітуацыі ў галіне харчавання ў ЗША. Крытыкі плана Кенэдзі сцвярджаюць, што навуковыя доказы шкоднасці штучных фарбавальнікаў альбо недастатковыя, альбо супярэчлівыя.
Незалежна ад дыскусіі вакол плана міністра-наміната па ахове здароўя, буйныя вытворцы сельгаспрадукцыі, як WK Kellogg, ужо даўно знаходзяцца пад прэсінгам арганізацый, якія змагаюцца супраць продажу шкодных прадуктаў. 85% прадуктаў гэтай кампаніі ўжо не ўтрымліваюць штучных фарбавальнікаў. Froot Loops у гэтым плане своеасаблівае выключэнне.
Роберт Кенэдзі-малодшы падчас мітынгу супраць абавязковай вакцынацыі школьнікаў у красавіку 2015 года. Фота: Rich Pedroncelli / AP
Цікава, што асноўным зацікаўленым у захаванні статус-кво з’яўляецца не сама кампанія WK Kellogg, а сеткі супермаркетаў. Многія з іх выступаюць супраць зменаў, сцвярджаючы, што поўная адмова ад сінтэтычных інгрэдыентаў прывядзе да павышэння цэнаў на прадукты, а гэта кепска адаб’ецца на продажах. Таму некаторыя супермаркеты заклікаюць WK Kellogg не спяшацца з пераходам, спасылаючыся на эканамічныя і лагістычныя складанасці.
Джэф Грог, былы дырэктар аддзела даследаванняў і распрацовак кампаніі Kellogg, кажа, што многія кампаніі займаюць пазіцыю чакання, спадзеючыся, што шум нічым не скончыцца. Будуць глядзець, якімі будуць далейшыя крокі адміністрацыі Трампа.
«Вытворцы прадуктаў харчавання любяць яснасць», — цытуе выказванне Грога WSJ. «Увесь гэты ажыятаж і скалананне паветра толькі адцягваюць увагу [ад узважанага асэнсавання]».
Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя
Трэці кандыдат. У Роберта Кенэдзі-малодшага ўсё больш шанцаў уключыцца ў прэзідэнцкую гонку ў ЗША
З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі