Кітайскія хакеры маглі атрымаць доступ да тэлефонаў Трампа і звыш сотні топ-чыноўнікаў ЗША

Амерыканскія СМІ паведамляюць пра новую кампанію маштабнага кібершпіянажу Кітая, галоўнымі мішэнямі якой сталі высокапастаўленыя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы ЗША, уключаючы новаабранага прэзідэнта Дональда Трампа і яго бліжэйшае атачэнне. Атаку ўжо называюць «найгоршым узломам тэлекамунікацый у гісторыі ЗША».

24.11.2024 / 20:45

Ілюстрацыйная выява. Фота: pixabay

Паводле звестак тэлеканала CNN і выдання The New York Times, кітайскія хакеры маглі ўзламаць тэлефоны Дональда Трампа і яго бліжэйшых прыхільнікаў, выкарыстоўваючы складаныя методыкі ўзлому і сацыяльнай інжынерыі. Мэтай гэтых атак было не толькі атрыманне канфідэнцыяльных звестак, але і магчымасць адсочваць размовы і перасоўванні палітыкаў.

Як паведамляе ФБР, падобныя атакі маглі закрануць яшчэ каля 150 высокапастаўленых амерыканскіх палітыкаў і дзяржаўных служачых. Пасля выяўлення факта атакі пацярпелыя былі папярэджаны амерыканскімі спецслужбамі, што іх тэлефонныя размовы маглі быць скампраментаваныя.

Каб ажыццявіць крадзеж інфармацыі з прылад палітыкаў, праўрадавыя кітайскія хакеры адначасова ўзламалі некалькі буйных правайдараў сувязі ЗША (AT&T, Verizon і Lumen), што, паводле камітэта Сената ЗША па разведцы, стала «найгоршым узломам тэлекамунікацый у гісторыі краіны», перадае CNN.

Кітайскія ўлады, у сваю чаргу, адмаўляюць датычнасць да такіх дзеянняў. У заяве Міністэрства замежных спраў КНР гаворыцца, што абвінавачванні з’яўляюцца «часткай інфармацыйнай вайны, мэтай якой ёсць дыскрэдытацыя Кітая».

Амерыканскія спецыялісты па кібербяспецы падкрэсліваюць, што падобныя атакі не толькі пагражаюць прыватнаму жыццю звычайных грамадзян ЗША, але і ставяць пад удар нацыянальную бяспеку. Амерыканскія ўлады ўжо распачалі шэраг мер для ўзмацнення кібербяспекі, уключаючы дадатковыя сістэмы абароны і ўзмацненне кантролю над уразлівасцямі ў тэлекамунікацыях.

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі

Зліты меркаваны сакрэтны пратакол сустрэчы Трампа і Зяленскага

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна

Nashaniva.com