Спецыяльная двухпартыйная камісія, якая кансультуе Кангрэс ЗША па пытаннях адносін з Кітаем, заклікае прыняць шэраг жорсткіх законапраектаў, каб супрацьстаяць нарастаючым эканамічным і тэхналагічным выклікам з боку Пекіна.
У сваёй штогадовай справаздачы, апублікаванай у аўторак, уплывовая двухпартыйная камісія пры Кангрэсе ЗША па пытаннях бяспекі і эканамічных адносінах з Кітаем настойліва рэкамендавала амерыканскім заканадаўцам адмяніць для Пекіна пастаянны статус нармальных гандлёвых адносін (PNTR) і закрыць для яго лазейку, якая дазваляе кітайскім таварам коштам да 800 даляраў уваходзіць у ЗША без мытных пошлін.
У самім Кангрэсе таксама назіраецца двухпартыйная падтрымка гэтай ідэі, піша выданне The Washington Post.
Адмена PNTR, якая дзейнічае з 2001 года пасля далучэння Кітая да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), стала б беспрэцэдэнтным крокам. Гэтая мера істотна падвысіла б тарыфы на кітайскія тавары (якія ў ЗША і так высокія) і панізіла б у вачах Злучаных Штатаў гандлёвы статус Кітая да ўзроўню такіх краін, як Куба, Паўночная Карэя, Расія і Беларусь, піша выданне The Washington Post.
Дональд Трамп перад перамогай на выбарах абяцаў павысіць тарыфы на кітайскія тавары да 60%, і адмена PNTR для Кітая можа стаць легальным механізмам для рэалізацыі гэтага абяцання. Амерыканскія заканадаўцы таксама дапускаюць павелічэнне тарыфаў і да 100%.
У дадатак да гэтага, камісія заклікае ўлады ЗША запусціць поўнамаштабную праграму па развіцці штучнага інтэлекту па прыкладу Манхэтэнскага праекта часоў Другой сусветнай вайны (які даў свету першую атамную бомбу), каб атрымаць над Кітаем значную тэхналагічную і вайсковую перавагу.
«Кітай застаецца найбольшай эканамічнай пагрозай нашага часу. Неабходна адказваць не толькі на гандлёвыя практыкі і тэхналагічныя дасягненні Кітая, але і на парушэнні ім правоў чалавека», — рэзюмавала двухпартыйная камісія рэспубліканцаў і дэмакратаў пры Кангрэсе ЗША.
Кітайская амбасада ў Вашынгтоне ўжо раскрытыкавала справаздачу, назваўшы яе «поўнай дэзінфармацыяй і паклёпам», і заявіўшы, што запрапанаваныя ў дакладзе меры «супярэчаць правілам СГА і могуць пашкодзіць як амерыканскай, так і сусветнай эканоміцы».
Экспарт Кітая рвануў уверх — там асцерагаюцца пагроз Трампа і новай гандлёвай вайны
«Мы не адны ў космасе». Новая справаздача Пентагона пра НЛА выклікала спрэчкі ў Кангрэсе ЗША
Пуціну эксклюзіўна паказалі прататып валюты БРІКС, «якая абрыне даляр». Мы адшукалі арыгінал банкноты, ёсць дзіўнасці са сцягам Беларусі
Каментары
Давайце шчыра, каб Кітаў быў проста беднай адсталай краінай з вялікай колькасцю насельніцтва, то пытанні правоў чалавека нікога ў Кангрэсе не турбавалі бы.