У Лукашэнкі спыталі, як будуць абіраць нявесту для Колі
Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт некалькі студэнтаў, дапушчаных на сустрэчу, задалі яму пытанні.
24.11.2024 / 22:14
Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі на парадзе 2020 года. Фота: Host Photo Agency via Getty Images
Студэнтка Ліза рашыла спытаць пра асабістае жыццё малодшага сына палітыка. Яна апісала Колю Лукашэнку як «адукаванага, творчага і папулярнага ў інтэрнэце», «аднаго з самых зайзросных жаніхоў сярод беларусаў». Гэты момант паказалі ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
«Калі прыйдзе час яму абіраць спадарожніцу жыцця, вы, як бацька, будзеце ўплываць на выбар ці даверыцеся густам сына?» — спытала яна палітыка.
Лукашэнка перакрыжаваўся.
«Вой, мяне аж на чай пацягнула», — сказаў ён, але больш адказу на пытанне не паказалі (калі той працяг быў).
А студэнтка, якая задавала пытанне Лукашэнку пра адключэнне інтэрнэту, заявіла, што гэта нібыта было імправізацыяй.
Лукашэнка быў у МДЛУ 22 лістапада. Гэта першы яго візіт ва ўніверсітэт, які ў 2020-м быў адным з самых пратэсных. Большасць студэнтаў універсітэта першай змены ў гэты дзень была пераведзена на дыстанцыйнае навучанне, а сам універсітэт яшчэ напярэдадні быў поўны супрацоўнікаў КДБ.
У канцы мінулага месяца Лінгвістычны ўніверсітэт сталі тэрмінова рыхтаваць пад візіт Лукашэнкі. «Універсітэт рыхтуюць, мыюць, рамантуюць, мяняюць дзверы, з'явілася шмат жывых кветак на вуліцы», — дзяліліся суразмоўцы.
Дадавалі, што «нават туалеты экстранна прыводзяць да ладу». А грукат ад рамонту замінаў вучэбным заняткам.