Што хаваецца за «смелымі пытаннямі» студэнтаў Лукашэнку?
Прапаганда актыўна выдае размову Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі ў Лінгвістычным універсітэце за доказ таго, што ў краіне існуе свабода слова і ёсць магчымасць задаваць незапланаваныя і нязручныя пытанні. Нават праз некалькі дзён прапагандысты працягваюць акцэнтаваць на гэтым увагу, успамінаючы «смелае пытанне» адной са студэнтак пра адключэнні інтэрнэту ў 2020-ым. Даведаліся, як рыхтавалі студэнтаў да сустрэчы і наколькі выпадковай аказалася «смелая студэнтка».
25.11.2024 / 18:52
Студэнтка журфака БДУ Ганна Бурдо задае Лукашэнку «смелае пытанне» пра інтэрнэт, а перад гэтым бярэ інтэрв'ю ў прапагандыстаў Ігара Тура і Марата Маркава. Скрыншоты з відэа
Асвятляючы нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў МДЛУ, дзяржаўная прапаганда актыўна падкрэслівала, што на мерапрыемстве «адсутнічаў афіцыёз», а пытанні, зададзеныя студэнтамі, былі «спантаннымі і смелымі». Гэта таксама суправаджалася запэўніваннем у тым, што студэнтаў, якія жадалі задаць пытанне Лукашэнку, «абіралі ў зале выпадкова», і што «забароненых тэм не было».
Рэчаіснасць аказалася зусім іншай. Як даведалася «Наша Ніва» ад некалькіх крыніц, студэнтаў для ўдзелу ў «адкрытым мікрафоне» адбіралі загадзя: супрацоўнікі дэканатаў у асобным парадку абзвоньвалі іх за дзень да візіту Лукашэнкі з запрашэннем на мерапрыемства (студэнты маглі адмовіцца, але асноўнай задачай было забяспечыць поўную запаўняльнасць актавай залы — больш за 600 месцаў).
Занесеныя ў закрыты запрашальны спіс студэнты павінны былі на наступны дзень прыехаць у МДЛУ а 7-ай раніцы, каб прайсці інструктаж па паводзінах на «адкрытым мікрафоне», а таксама азнаёміцца з пытаннямі да Лукашэнкі і чаргой іх агучвання.
Увайсці ў МДЛУ той раніцай можна было толькі праз уваход галоўнага корпуса А (для Лукашэнкі падрыхтавалі асобны ўваход праз корпус В, праз які не маглі прайсці звычайныя людзі), паказаўшы супрацоўнікам КДБ і службы аховы Лукашэнкі пашпарт. Па інфармацыі крыніц, галоўны ўваход ахоўваўся «як у аэрапорце»: супрацоўнікі спецслужб паставілі свае ўласныя металарамкі і абшуквалі наведвальнікаў.
Каб разгрузіць універсітэт ад людзей, чатыры з шасці факультэтаў МДЛУ былі адпраўлены на дыстанцыйнае навучанне ў перыяд з другой па чацвёртую пару першай змены.
Спецслужбісты прапускалі ў будынак толькі тых, у каго сапраўды былі пары, і тых, хто быў запрошаны на мерапрыемства.
Лукашэнка ў МДЛУ на сустрэчы са студэнтамі розных ВНУ. Скрыншот з відэа
Цэнтральнае месца ў прапагандысцкім наратыве аб свабодзе слова на сустрэчы з Лукашэнкам заняло «смелае пытанне выпадкова абранай» студэнткі факультэта журналістыкі БДУ Ганны Бурдо, якая спытала ў палітыка пра адключэнні інтэрнэту падчас пратэстаў 2020 года. Дзяржаўнае тэлебачанне на працягу некалькіх дзён раскручвала гэты момант, а пасля выклала міні-інтэрв'ю з аўтаркай пытання, дзе тая запэўнівала, што «раптоўна прыдумала пытанне».
Ганна Бурдо, якая толькі ў гэтым годзе скончыла школу, ужо працуе карэспандэнткай БТ (на моладзевым шоу «Пін-Код» на «Беларусь 2»), аб чым адрыта заяўляе ў сваім інстаграме. Яе бацька, Андрэй Бурдо, з'яўляецца кіраўніком пасёлка Руба, які знаходзіцца каля Віцебска.
Кадр з міні-інтэрв'ю канала СТБ са студэнткай журфака БДУ Ганнай Бурдо, якая задала Лукашэнке пытанне пра адключэнні інтэрнэту ў 2020-ым. Скрыншот з відэа
Сторыз у інстаграме Бурдо
Дзяўчына мае ўласны прыватны канал у тэлеграме, дзе актыўна каментуе знамянальныя падзеі ў сваім жыцці. Адной з такіх падзей якраз стала яе «смелае пытанне» да Лукашэнкі ў МДЛУ.
«На той момант я не ўсведамляла, што мой учынак быў смелы, а пытанне — вострае. Але затое яно было актуальным! Пра гэта сведчаць водгукі студэнтаў, выкладчыкаў і прафесійных журналістаў.
«Ты журналіст — дык будзь журналістам», — выказаў мне сваё аўтарытэтнае меркаванне Ігар Тур.
Пасля сустрэчы [з Лукашэнкам] мне пачалі тэлефанаваць з «невядомых» нумароў. Гэта былі журналісты найбуйнейшых беларускіх СМІ, сярод якіх СТБ і «СБ. Беларусь сёння». Ніхто не чакаў, што гэта сапраўды маё спантаннае пытанне. Але як ёсць», — хвалілася ў сваім прыватным тэлеграм-канале Ганна Бурдо.
Допіс студэнткі журфака БДУ Ганны Бурдо ва ўласным прыватным тэлеграм-канале
Акцэнт на водгуку прапагандыста Ігара Тура быў не выпадковы: дзяўчына нядаўна хвалілася ў сацсетках, што брала ў яго інтэрв'ю. Акрамя Тура, студэнтка таксама раней апытвала свайго дэкана Аляксея Бяляева, міністра інфармацыі Марата Маркава і кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук'янава.
Сторыз Ганны Бурдо
{DONATE_PAYPAL}
Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?