На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу
Нагодай для прыезду стане адкрыццё парыжскага сабора Нотр-Дам, які пяць гадоў таму пацярпеў ад пажару. «Гэта будзе асаблівы дзень для ўсіх!» — напісаў Трамп у сацыяльных сетках.
03.12.2024 / 17:45
Дональд Трамп. Фота: Manuel Balce Ceneta / AP
«У суботу я паеду ў Парыж, каб прысутнічаць на адкрыцці раскошнага гістарычнага сабора Нотр-Дам, які быў цалкам адноўлены пасля разбуральнага пажару пяць гадоў таму», — напісаў Трамп на сваёй старонцы Truth Social.
Пры гэтай нагодзе ён пахваліў і французскага прэзідэнта:
«Прэзідэнт Эмануэль Макрон зрабіў выдатную працу па забеспячэнні таго, каб Нотр-Дам быў адноўлены ў поўным росквіце і нават больш. Гэта будзе асаблівы дзень для ўсіх!»
Прыбыццё ў Парыж стане першым замежным візітам Трампа пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе. Пры гэтым гэты візіт даволі нечаканы, бо раней газета Le Parisien паведамляла, што Трамп не будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця сабора. Гэта было звязана ў тым ліку са складанымі адносінамі паміж Трампам і Макронам.
«Калі Трамп балатаваўся на перавыбранне ў гэтым годзе, ён часта высмейваў Макрона на перадвыбарных мітынгах, імітуючы яго акцэнт і пагражаючы ўвесці высокія тарыфы на віно і шампанскае, імпартаваныя ў ЗША, калі Францыя паспрабуе абкласці падаткам амерыканскія кампаніі», — адзначае агенцтва AP, адзначаючы, аднак, што пасля перавыбрання Трампа Макрон быў адным з першых сусветных лідараў, якія павіншавалі яго з перамогай у гонцы за Белы дом.
Сабор Нотр-Дам адкрыецца ў выхадныя пасля пяцігадовай рэканструкцыі пасля пажару 2019 года. 8 снежня ў 10.30 у Нотр-Даме адбудзецца першая імша, якую адправіць арцыбіскуп Парыжскі Ларан Ульрых.
Трамп дабіваецца больш выгаднага гандлю не толькі ад Кітая, але і ад Канады
«Могуць пайсці і знайсці іншага лоха!» Трамп перасцярог БРІКС ад спробаў увесці ўласную валюту