Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць
Былы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі ўзначаліць праект па стварэнні стрымінгавай платформы для незалежных беларускіх медыя Belarus Tomorrow. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.
04.12.2024 / 10:42
Аляксей Дзікавіцкі. Фота: «Наша Ніва»
Belarus Tomorrow — гэта малады праект па стварэнні відэа-платформы для незалежных беларускіх медыя, патлумачыў Аляксей.
«Мэта Belarus Tomorrow у тым, каб паспрабаваць сабраць гэты відэа-кантэнт на адной платформе, агульнымі намаганнямі палепшыць якасць ды стварыць на пачатку прататып агульнай сеткі вяшчання, а ў выніку — закласці падмурак для стварэння будучага, цалкам беларускага, грамадскага тэлебачання», — напісаў ён.
Аляксей Дзікавіцкі далучыўся да праекта ў якасці галоўнага менеджара. «Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля», з абмежаванымі сродкамі і невялікай камандай, піша Дзікавіцкі. Ён спадзяецца, што з праекта вырасце «сапраўднае тэлебачанне».
Ён дадаў, што, развітваючыся з «Белсатам», не ведаў пра вакансіі ў Belarus Tomorrow — прапанова стала для яго нечаканасцю.
Аляксей Дзікавіцкі працаваў на «Белсаце» з часоў яго стварэння.
Пасля звальнення кіраўніцы канала Агнешкі Рамашэўскай ён стаў выконваць абавязкі дырэктара. Але стаць кіраўніком яму не прапанавалі. Дзікавіцкі падаў заяву аб звальненні. Кіраўніцай «Белсата» была прызначаная Аліна Коўшык, якая да 2022 года працавала на канале, а потым пайшла ў палітыку, адказвала за нацыянальнае адраджэнне ў Аб'яднаным пераходным кабінеце.
Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»
Аляксей Дзікавіцкі датэрмінова пакідае «Белсат»
Аліну Коўшык спыталі, чаму галоўнай рэдактаркай «Белсата» стала яна, а не Аляксей Дзікавіцкі
Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»