Усплёск раку тоўстай кішкі звязаны са снэкамі і каўбасамі — вучоныя

Лішак амега-6 тлустых кіслот у рацыёне можа спрыяць прагрэсіраванню запалення і звязваецца з падвышанай рызыкай развіцця ракавых пухлін.

15.12.2024 / 21:07

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Як піша CNN, новае даследаванне амерыканскіх вучоных з Універсітэта Паўднёвай Фларыды паказала, што перапрацаваныя алеі могуць спрыяць росту захворванняў ракам тоўстай кішкі.

Як тлумачаць аўтары, у страўнікава-кішачным тракце штодня ўзнікаюць мутацыі, якія звычайна падаўляюцца імуннай сістэмай з дапамогай медыятараў, звязаных з амега-3 тлустымі кіслотамі. Аднак калі ў арганізме на працягу доўгага часу назіраецца дысбаланс паміж амега-3 і амега-6 на карысць апошніх, то гэта ўскладняе барацьбу з мутацыямі і садзейнічае іх замацаванню.

Амега-6 тлустыя кіслоты паступаюць у наш арганізм звычайна з ультраперапрацаваных прадуктаў (печыва, цукеркі, снэкі, тлустыя соусы, кілбасы) і фаст-фуду, у прыгатаванні якіх выкарыстоўваюць раслінны алей.

Найбольш багатыя на лінолевую кіслату (так яшчэ называюць амега-6) кукурузны, арахісавы, соевы і сланечнікавы алеі. У параўнанні з імі рапсавы алей выглядае больш бяспечным, бо мае больш збалансаваныя суадносіны амега-3 і амега-6.

Вучоныя адзначаюць, што амега-6 тлустыя кіслоты неабходныя для падтрымання добрага здароўя арганізму. Яны стымулююць рост валасоў і скуры, рэгулююць абмен рэчываў, умацоўваюць косткі, а ў некаторых выпадках могуць быць супрацьзапаленчымі.

Аднак лінолевая кіслата таксама можа ператварыцца ў малекулы, такія як простагландзіны, якія сігналізуюць аб узнікненні запаленне. Гэта не з'яўляецца праблемай, калі арганізм спрабуе хутка змагацца з інфекцыяй, але можа быць разбуральным, калі запаленне працягваецца доўгі час.

У сваім даследаванні, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Gut, вучоныя сканцэнтраваліся на высвятленні таго, як амега-6 і амега-3 тлустыя кіслоты паводзяць сябе ў тканцы пухліны і нармальнай тканцы тоўстай кішкі. Для гэтага яны выкарыстоўвалі ракавыя тканкі тоўстай кішкі, узятыя ў 80 пацыентаў, і параўналі іх з нармальнымі тканкамі гэтага ж органа, узятыя ў тых жа пацыентаў.

Пры аналізе вучоныя выявілі, што ў нармальных тканках захоўваўся баланс абедзвюх кіслот, што нельга сказаць пра хворыя. У ракавай тканцы назіраўся значны дысбаланс на карысць амега-6 тлустых кіслот, якія перашкаджалі амега-3 змагацца з запаленнем.

Як пішуць аўтары, калі ў арганізме не хапае амега-3, каб кантраляваць запаленне, выкліканае рэакцыяй на рак, яно працягвае разбураць клеткі, наносячы дадатковую шкоду іх ДНК і ствараючы спрыяльныя ўмовы для росту ракавых клетак.

Вучоныя адзначаюць, што праблема заключаецца не столькі ў амега-6, колькі ў адсутнасці ў нашым рацыёне дастатковай колькасці амега-3 тлустых кіслот. Таму яны рэкамендуюць больш спажываць прадукты, багатыя імі. Сярод іх скумбрыя, селядзец, сардзіны, тунец, ласось і стронга. Другой крыніцай амега-3 з'яўляюцца арэхі і насенне.

А вось прымаючы біядабаўкі з амега-3 трэба памятаць, што ў здаровых людзей яны патэнцыйна могуць павялічыць, а не знізіць рызыку хвароб сэрца і інсульту.

Рак тоўстай кішкі сярод насельніцтва Беларусі на першым месцы

Ужыванне алкаголю спрыяе развіццю некаторых відаў раку

Лён — супережа

Чаму так шмат маладых хварэе на рак?

Вучоныя папярэджваюць: дабаўкі з рыбіным тлушчам могуць быць шкодныя для здаровых людзей

Антось Жупран