Беларуская кухня за год пагоршыла свае пазіцыі ў свеце
Даведнік па нацыянальных стравах краін свету TasteAtlas абнавіў свой штогадовы рэйтынг найлепшых нацыянальных кухняў. Выданне Telegraf.news піша, на якім месцы апынулася Беларусь і якія традыцыйныя стравы карыстальнікі партала рэкамендавалі ўсім абавязкова паспрабаваць у Беларусі.
12.12.2024 / 17:58
Фота ілюстрацыйнае
Сёлета Беларусь, у параўнанні з мінулым годам, апусцілася на чатыры пазіцыі і апынулася на 75 месцы. Пры гэтым ацэнку нацыянальнай кухні нашай краіны складальнікі рэйтынгу, наадварот, паднялі — з 3,99 да 4 балаў з пяці магчымых.
TasteAtlas — гэта эксперыментальны анлайн-даведнік па нацыянальных стравах краін свету, які злучыў у сабе элементы такіх папулярных сэрвісаў, як гід Michelin або Tripadvisor. На платформе, запушчанай у 2015 годзе харвацкім журналістам і прадпрымальнікам Маціяй Бабічам, сабраныя сапраўдныя рэцэпты нацыянальных страў, агляды і даследаванні па прадуктах харчавання, ацэнкі крытыкаў і водгукі наведвальнікаў рэстаранаў у розных кутках свету. Па прыблізных ацэнках, на партале ўжо сабрана інфармацыя пра 10 тысяч страў, напояў і інгрэдыентаў, а таксама пра 9 тысяч устаноў.
Якія стравы «абавязковыя» для тых, хто прыязджае ў Беларусь?
У спісе «абраных» складальнікамі рэйтынгу кавярняў і рэстаранаў традыцыйнай беларускай кухні апынуліся тры сталічныя ўстановы, а сярод найлепшых прадуктаў і вытворцаў апынулася беларуская гарэлка.
Што да самой ежы, то ў топ-3 самых папулярных беларускіх напояў трапілі крамбамбуля, старка і квас, а ў топ-10 беларускіх страў, якія абавязкова рэкамендуюць пакаштаваць турыстам, якія прыязджаюць у краіну ўпершыню, складальнікі рэйтынгу ўключылі наступныя:
- жур,
- дранікі,
- халаднік,
- сырнікі,
- мачанка,
- верашчака,
- лазанкі,
- пячыста,
- поліўка,
- банкуха.
А што суседзі?
Дарэчы, кухні ўсіх краін-суседак Беларусі ў сотню «найлепшых у свеце» таксама трапілі, збольшага яны цэняцца вышэй за беларускую.
11-е месца — Польшча з кашубскімі трускалкамі, верасовым мёдам і варэнікамі;
34-е месца — Расія з яе шашлыком, медавіком і блінамі;
39-е месца — Літва з яе традыцыйнымі грэнкамі, калдунамі і сырнікамі;
44-е месца — Украіна з варэнікамі, сырнікамі і пампушкамі;
79-е месца — Латвія з тварожнымі булачкамі і аладкамі ды іхнім варыянтам дранікаў.
А вось першае месца ў гэтым годзе дасталося Грэцыі, якая заваявала сэрцы карыстальнікаў «кулінарнага атласа» фісташкамі, фінікамі і аліўкавым алеем.
На другім месцы — Італія з яе піцай, пармезанам і джандуяй.
На трэцім — Мексіка з кесабірыяй і вострай таматнай сальсай.
У Гомелі адкрылі беларускамоўны фаст-фуд
Дырэктар «Прэзідэнт-гатэля» назваў беларускую страву, якую любяць кіраўнікі іншых краін
Чарговы трыумф халадніка. Гісторыя і рэцэпты самай летняй стравы