Артыкул пра халаднік у амерыканскім СМІ перасварыў літоўцаў і палякаў. Да дыскусіі далучыліся і беларусы
Каму належыць «Chłodnik Litewski»?
«Ідэальная страва для разгару лета, калі не хочацца гатаваць гарачыя стравы, а свежых прадуктаў хоць заваліся, гэта chłodnik litewski, мабыць, самы вядомы з польскіх халодных супаў. Chłodnik litewski перакладаецца як літоўскі халодны суп і адлюстроўвае час, калі Польшча і Літва знаходзіліся пад уладай адной дынастыі, пачынаючы з канца XIV стагоддзя, перыяд, у які польская кухня была пад уплывам літоўскай кухні і наадварот»,
— так пачынаецца артыкул у The New York Times за 20 жніўня гэтага года.
Непасрэдна на сайце газеты пад ім некалькі каментароў, якія ўтрымліваюць парады, як лепш гэтую страву прыгатаваць. А вось спасылка на артыкул, якая з'явілася на старонцы выдання ў фэйсбуку некалькі дзён таму, выклікала бурную дыскусію і сабрала за два дні амаль 1700 каментарыяў.
Большасць чытачоў не бачылі сам артыкул з тлумачэннем пераемнасці кулінарных традыцый і агульнай гісторыі сучаснай Літвы і Польшчы.
Таму шмат хто з каментатараў звяртаюць увагу, што «chłodnik litewski» — гэта літоўская нацыянальная страва.
- «Гэта літоўская нацыянальная страва, не польская!»
- «Я еў яго ўчора, еў сёння і буду есці заўтра! І буду есці нават зімою!!! Ён літоўскі!!!»
- «Šaltibarsčiai» гэта літоўскі. Нават яго варыянт па-польску называецца: літоўскі астуджаны суп. Трохі праверкі базавых фактаў было б карысным».
- «Гэта літоўскі традыцыйны суп — адзін з самых лепшых у свеце».
- «Не магу паверыць, што NY Times дапусціла падобную памылку — гэта літоўская нацыянальная страва, кропка. У ім няма нічога польскага».
Чытач-беларус Вадзімір Заранкін паспрабаваў прымірыць бакі, удакладняючы, што «Літва» ў старажытнасці і сённяшняя Літва — дзве вялікія розніцы:
«Я не разумею, у чым праблема ў некаторых каментатараў з «chłodnik litewski». У артыкуле апісваецца польскі халодны суп, і згадка Літвы ў назве не азначае, што гэта не частка польскай кухні. Назва мае гістарычныя карані, і паняцце «Літва» ў той час, калі гэтая страва атрымала сваю назву, была зусім іншай, чым сёння.
Акрамя таго, для даведкі, халодныя бураковыя супы з'яўляюцца неад'емнай часткай многіх мясцовых кухняў у гэтым рэгіёне. У Літве, напрыклад, есць смачны šaltibarščiai»
Але гэта выклікала больш катэгарычны адказ:
«Праблема, як паказалі іншыя, палягае ў тым, што нават назва кажа пра тое, што гэтая страва не польскага паходжання. Літве прыйшлося саступаць Польшчы ў многіх адносінах на працягу стагоддзяў. Няўжо мы не можам мець тое, што належыць нам? На мой погляд, як даследчыка і рэдактара, з боку The New York Times было ляніва і няшчыра не падкрэсліць краіну паходжання. Можна было б згадаць польскую страву (і іншыя краіны, якія яе прынялі)».
Заўважым, што сярод каментатараў ёсць людзі, якія спрабуюць давесці, што халаднік — традыцыйная страва рэгіянальнай кухні. У тым ліку і беларускай.
- «Гэта таксама выглядае як беларускі/рускі/украінскі халаднік! Мая любімая страва з дзяцінства. Ён і акрошка».
- «Вытанчаны боршч. Мае польскія бабуля і дзядуля, мой рускі дзядуля і мая літоўская бабуля яго любілі».
- «Ён такі ж латышскі, як літоўскі ці польскі. Гэта рэгіянальная страва».
- «Гэты суп вядомы па ўсёй Усходняй Еўропе і ўсюды крыху адрозніваецца, як і бульбяныя аладкі. Ён не належыць ніводнай нацыі. Гэта свайго роду ўсходнееўрапейскі гаспача, звычайна на аснове буракоў замест памідораў і з дабаўленнем кісламалочнага напою ці мінеральнай вады».
Каментары