Учарашні вецер знёс і паламаў у чалавека цяпліцу за 1500 даляраў

Незвычайным відэа са свайго ўчастка падзяліўся чытач выдання «Анлайнер», які жыве ў Мінскай вобласці. Усяго за некалькі секунд лірычная карцінка змяняецца на «цяплічны хорар». Вінаватым быў моцны вецер, які спачатку закружыў выпадковы пакет, а потым сабраўся з сіламі і пацягнуў за сабой парнік.

17.12.2024 / 17:59

Велізарную — памерам 12 на 4 метры — цяпліцу малады чалавек набыў у пачатку верасня. Разлічваў, што канструкцыя з металічнага каркаса і полікарбаната будзе служыць яму доўгія гады, тым больш што і каштавала цяпліца ажно 4713 рублёў.

Работы над яе ўстаноўкай пачаліся ў кастрычніку, але па розных прычынах гаспадар не паспеў іх хутка завяршыць. 

«На ўстаноўку цяпліцы ў мяне пайшоў прыкладна месяц, ды і тое не атрымалася зрабіць усё, што планаваў. І да ўчарашняга дня яна не была замацаваная як след. Груба кажучы, цяпліца была прыкручаная дротам за ніжнія часткі да дошак, якія на анкерах былі прыкручаныя да паляў. Ніжнія часткі трымаліся на сістэме «краб».

Як толькі ветравая нагрузка перавысіла крытычную, усе «крабы» разагнуліся і цяпліца паляцела (на відэа нават відаць, што не хапае ніжніх частак). Разумею, што канкрэтна гэта мой касяк. Хоць і да самой канструкцыі ў мяне не раз ўзнікалі пытанні», — апісвае перадумовы для надзвычайнага здарэння малады чалавек.

Цяпліца праляцела каля 70 метраў і прызямлілася на ўчастку суседа. На шчасце, людзей на тэрыторыі ў гэты час не было, таму ніхто не пацярпеў. Ацалелі і ўсе расліны.

«Сёння пайду да суседа на ўчастак, буду прыбіраць тое, што ад яе засталося. Стан там варты жалю. Самае ж цікавае, што камера, якая і захавала палёт, вісіць на другой цяпліцы коштам усяго $700. Яна меншая і паўкруглая (схіляюся да таго, што гэта аптымальны варыянт формы). І яна засталася стаяць на месцы», — дзеліцца дачнымі назіраннямі малады чалавек.

У Гродне моцны вецер паваліў ужо дзве навагоднія елкі, у 69 населеных пунктах праблемы са святлом

Моцны вецер паваліў елкі ў Заслаўі і Гродне

У панядзелак чакаецца вятрыска. Будзьце асцярожныя!

У Румыніі ўпала самая вялікая елка

Nashaniva.com