У Гродне моцны вецер паваліў ужо дзве навагоднія елкі, у 69 населеных пунктах праблемы са святлом
Вецер нарабіў бед як у абласным цэнтры, так і ў дзевяці райцэнтрах.
У Гродзенскай вобласці 16 снежня бушуе моцны вецер.
У МНС паступаюць паведамленні аб падзенні дрэў і пашкоджанні дахаў прыватных жылых дамоў у Гродне, Бераставіцкім, Воранаўскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Іўеўскім, Мастоўскім і Слонімскім раёнах. У Гродне вецер паваліў ужо дзве навагоднія ёлкі.
Ёсць інфармацыя і аб абрывах ліній электраперадачы. Электразабеспячэнне парушана ў 69 населеных пунктах Гродзенскай вобласці.
16 снежня ў першай палове дня найбольш моцным вецер быў у Ашмянах. Там зарэгістраваныя яго парывы да 22 м/с. У Навагрудку яны дасягалі 20 м/с, а ў Гродне — 19 м/с. У астатніх раёнах таксама было ветрана (16-19 м/ч).
У такое надвор'е рэкамендуецца шчыльна зачыніць вокны і дзверы. З двара, адкрытых балконаў і лоджый варта прыбраць гаспадарчыя рэчы, якія могуць нанесці шкоду жылля.
Машыну варта паставіць у гараж, або прыпаркаваць далей ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый. Знаходзячыся на вуліцы, варта абыходзіць навясныя збудаванні, надламаныя галінкі дрэў і лініі электраперадач. МНС рэкамендуе ўстрымацца ад паездак на асабістых аўтамабілях і працяглага знаходжання на вуліцы.
Каментары