«Анекдот!». Зяленскі выказаў усё, што думае пра пасярэдніцтва Орбана

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чарговы раз раскрытыкаваў венгерскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана за спробы «пасярэдніцтва» ў справе дасягнення міру ва Украіне, адзначыўшы, што той не мае рычагоў уплыву на дзяржаву-агрэсара. Пра гэта Зяленскі сказаў на пасяджэнні Усеўкраінскага кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў 17 снежня, паведамляе «Еўрапейская праўда».

17.12.2024 / 18:40

Віктар Орбан і Уладзімір Зяленскі на саміце Еўрасаюза ў Брусэлі ў чэрвені 2024 года. Фота: Olivier Hoslet, Pool Photo via AP

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна — моцная дзяржава, якая засведчыла гэта на полі бою падчас усёй агрэсіі Пуціна.

«У кагосьці іншага ў Еўропе ёсць такі досвед цяпер? Ні ў каго. У Орбана ёсць такая армія? Не. Як ён будзе ціснуць на Пуціна? Анекдотам, усмешкай? Хай сабе пакіне», — заявіў ён.

Асобна Зяленскі адзначыў, што Украіне патрэбныя непасрэдныя стасункі з ЗША без пасярэднікаў.

«Прэм'ер Орбан, які хоча, ці ведаеце, «неяк там, дзесьці там…» — не атрымаецца. Я яго не пушчу і такіх, як ён», — дадаў прэзідэнт Украіны, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе менавіта пра прэм'ер-міністра Венгрыі, а не пра венгерскі народ, які падтрымлівае Украіну.

І да таго напружаныя адносіны паміж Кіевам і Будапештам абвастрыліся пасля таго, як на мінулым тыдні Віктар Орбан патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну. Пасля гэтага Орбан заявіў, што, маўляў, прапаноўваў Украіне абвясціць на Каляды рэжым спынення агню і маштабны абмен ваеннапалоннымі, але Уладзімір Зяленскі нібыта адхіліў гэтую ідэю.

Тады ўкраінскі прэзідэнт выказаў надзею, што Орбан «не будзе хаця б Асаду ў Маскву тэлефанаваць, каб паслухаць яшчэ і ягоныя гадзінныя лекцыі».

Орбан прапанаваў Пуціну абвясціць каляднае перамір'е і правесці буйны абмен палоннымі

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю

Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан заклікаў перагледзець санкцыі супраць Расіі

Орбан заявіў пра паразу Украіны ў вайне з Расіяй

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao

Nashaniva.com