Украінскаму музыку, які раіў палякам уступіць у Расійскую імперыю, забаранілі ўезд у Еўрасаюз на 10 гадоў

Саліст гурта «Пошлая Молі» летась трапіў у скандал, калі параіў палякам размаўляць на румкай мове.

19.12.2024 / 21:32

Кірыл Бледны. Фота з сацсетак

У лістападзе 2023 года саліст украінскага гурта «Пошлая Молі» Кірыл Бледны перад гастролямі па Польшчы запісаў некалькі скандальных сторыз пра польскую мову.

Музыка сказаў, што польская мова яго прыводзіць у шаленства, і ён не разумее, чаму палякі не могуць размаўляць на рускай.

«Не разумею, навошта гаварыць на гэтай у***нскай мове, калі ёсць руская мова, я не разумею, рэальна. Чувакі, проста вывучыце б***** рускую і гаварыце на нармальнай н***й мове. Ёсць жа Расійская імперыя, проста ўступеце ў яе, б*****. Уступіце ў яе, як раней, і гаварыце на нармальнапй б***** мове, д*****бы», — заявіў тады Бледны.

Інтэрнэт забурліў, пасля чаго музыка назваў усё гэта жартам. Але такое тлумачэнне яму не дапамагло: канцэрты «Пошлай Молі» ў Гданьску, Варшаве, Кракаве, Познані і Уроцлаве адмянілі.

Як выявілася, гэта былі не ўсе наступствы для ўкраінскага гурта. Бледны расказаў выданню The Flow, што яму пасля гэтага жарту забаранілі ўезд у Еўрасаюз на 10 гадоў.

«Гэта п**дзец, я ведаю. Такі, што аж смешна. На наступны дзень пасля гэтага скандалу мы проста селі ў тачку і паехалі ў Вену, каб не вылятаць праз Польшчу. З Вены ўжо паляцеў у Тбілісі. Калі ўся гэтая сітуацыя ўляглася трошкі, калі мне перасталі палякі навальваць у асабістыя, я зразумеў, што ўжо нічога страшнага не будзе.

Я паехаў у Вільню пісаць альбом, і на мяжы з Вільняй мяне затрымалі. Я там прасядзеў некалькі гадзін, потым прыйшла жанчына і сказала: «Вам закрыты ўезд на тры гады». Калі мы паспрабавалі падаць апеляцыю, нам прыйшла паперка, што забарона ўжо падоўжаная да 10 гадоў. Я ўжо даўно хацеў расказаць пра гэта», — расказаў Бледны.

Цяпер ён жыве ў Тбілісі, а таксама ездзіць у Лондан: з ягоных слоў, Вялікабрытаніі «пофіг на гэтую сітуацыю і на Еўрасаюз наогул».

Кірыл Бледны нарадзіўся ў Харкаўскай вобласці, у 2016 годзе ён стварыў групу «Пошлая Молі», якая стала паспяховай у Расіі. Пры гэтым у 2018-м калектыў адмовіўся выступаць на фестывалі «Нашэствие» праз тое, што яго спансавала расійскае Мінабароны.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны «Пошлая Молі» з'ехала з Расіі, гурт даў у Еўропе некалькі дабрачынных канцэртаў у падтрымку Украіны і асуджаў расійскую агрэсію.

Але ўжо ў чэрвені 2022 года Бледны выпусціў сумесны трэк з расійскім рэперам Маладым Платонам. Пасля гэтага лідара «Пошлай Молі» абвінавацілі ў тым, што ён «пераабуўся», бо згаданы рэпер на той час ніяк не выказваў сваёй пазіцыі з нагоды вайны. З тых часоў «Пошлая Молі» не выступала ні ў Расіі, ні ва Украіне.

У Беларусь «Пошлая Молі» прыязджала яшчэ ў 2021-м, і тады на канцэрце скандавалі «Жыве Беларусь!»

«Вывучыце рускую і гаварыце на нармальнай н***й мове». Украінскі музыка параіў палякам уступіць у Расійскую імперыю

У Польшчы адмянілі канцэрты гурта «Пошлая Молі» пасля хамскіх выказванняў яго саліста

«Дэўкраінізацыя» расійскай поп-музыкі і яе наступствы

Дырэктара івэнт-агенцтва аштрафавалі на 2175 рублёў за тое, што на арганізаваным ім канцэрце «Пошлай Молі» гледачы скандавалі «Жыве Беларусь!»

Nashaniva.com