Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі
Нямецкага бізнэсмена і дэпутата зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёрга Дорнау падазравалі ў выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў. Але нямецкая пракуратура паведаміла, што з юрыдычных прычын ёй не ўдалося выявіць першапачатковыя прыкметы злачынства, якое магло б быць пераследавана паводле законаў Германіі, піша «Позірк».
21.12.2024 / 16:33
Ёрг Дорнау ў Лідскім райвыканкаме 22 верасня 2020 года. Фота: «Лідская газета»
У прэс-рэлізе пракуратуры адзначаецца, што Дорнау «абвінавачваўся ў працаўладкаванні людзей, у тым ліку палітвязняў, на ферме, якой ён кіраваў у Беларусі». Скарга «заснаваная на паведамленнях СМІ пра апісанне падзей былым вязнем, які, паводле яго слоў, не быў абавязаны прымаць прапанову працы на ферме».
«Аднак замест знаходжання ў вязніцы ён аддаў перавагу працы на цыбульнай ферме. Праца не была прымусовай, але ўмовы ў турме былі катавальнымі», — зрабіла заключэнне пракуратура.
У рэлізе адзначаецца, што
«ў адпаведнасці з цяперашняй прававой сітуацыяй і крымінальнымі правапарушэннямі, пералічанымі ў артыкуле 6 Крымінальнага кодэкса, крымінальны пераслед заснаваны на так званым універсальным прававым прынцыпе і, такім чынам, не залежыць ад месца злачынства, закона месца злачынства і грамадзянства асобы. У дадзеным выпадку абвінавачанне было магчымае толькі ў адносінах злачынства гандлю людзьмі (артыкул 232 КК Германіі). Аднак, сыходзячы з вядомых на сёння фактаў, гэтага не існуе».
Іншыя магчымыя правапарушэнні, «такія як прымусовая праца (арт. 232б) і эксплуатацыя працы (арт. 233), могуць пераследавацца ў Германіі толькі ў выпадку, калі яны здзейсненыя за мяжой (як тут, у Беларусі), калі злачынца з’яўляецца немцам на момант здзяйснення злачынства», гаворыцца ў рэлізе.
«Нават калі пры апісаных абставінах у Германіі магла мець месца злачынная эксплуатацыя працы (арт. 233 КК), у Беларусі апісаная сітуацыя караецца толькі ў выпадку прымусовай працы. Аднак, паколькі доказаў гэтага няма, злачынства, у якім абвінавачваецца абвінавачаны, не можа пераследавацца ў Германіі адпаведна арт. 7 Крымінальнага кодэкса, нават калі злачынец з’яўляецца грамадзянінам Германіі», — лічаць у пракуратуры.
«Таму пракуратура Лейпцыга ўстрымалася ад пачатку расследавання з прававых прычын», — гаворыцца ў дакуменце.
Разгляд кейса Ёрга Дорнау пачаўся пасля публікацыі беларускіх журналістаў пра тое, што да працы фірмы «Цыбулька-Бел», якая часткова належыць нямецкаму бізнэсмену, прыцягваюць адміністрацыйна асуджаных, у тым ліку па палітычных матывах.
Дэпутату ад «Альтэрнатывы для Германіі» пагражае вялікі штраф. Ён утаіў свой бізнэс у Беларусі