Трамп: У ЗША будзе толькі два полы — мужчынскі і жаночы

Абраны прэзідэнт Дональд Трамп у нядзелю паабяцаў «спыніць трансгендарнае вар’яцтва» ў першы ж дзень свайго прэзідэнцтва, бо рэспубліканцы будуць кантраляваць абедзве палаты Кангрэса і Белы дом, паведаміў «Голас Амерыкі».

23.12.2024 / 10:26

Дональд Трамп. Фота: Bill Pugliano / Getty Images

«Я падпішу ўказ аб спыненні сэксуальнага калечання дзяцей, адмове ад трансгендарнай палітыкі ў арміі, а таксама ў нашых пачатковых, сярэдніх і старэйшых школах», — заявіў Трамп на мерапрыемстве для маладых кансерватараў у Феніксе, штат Арызона.

Ён таксама паабяцаў «не дапускаць мужчын у жаночы спорт», дадаўшы, што «ўрад Злучаных Штатаў афіцыйна будзе прызнаваць толькі два полы — мужчынскі і жаночы».

На мінулым тыдні, калі Кангрэс, які кантралююць рэспубліканцы, ухваліў штогадовы абаронны бюджэт, у яго было ўключана палажэнне, якое блакуе фінансаванне некаторых відаў дапамогі дзецям трансгендарных людзей, якія служаць у арміі.

Выступаючы на канферэнцыі AmericaFest, Трамп таксама паабяцаў жорсткія меры супраць «злачыннасці з боку мігрантаў» і паўтарыў свае абяцанні аднавіць кантроль ЗША над Панамскім каналам з-за высокіх тарыфаў на праход амерыканскіх судоў.

Прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Муліна ў адказ заявіў, што «кожны метр Панамскага канала належыць Панаме і так будзе». Суверэнітэт і незалежнасць краіны не могуць быць прадметам абмеркавання, дадаў Муліна.

У сваёй нядзельнай прамове Трамп выступіў з праграмай свайго другога прэзідэнцкага тэрміну, падвергшы крытыцы прэзідэнта Джо Байдэна і віцэ-прэзідэнта Камалу Харыс.

«20 студзеня Злучаныя Штаты назаўсёды перагорнуць старонку чатырох доўгіх, жудасных гадоў няўдач, некампетэнтнасці, нацыянальнага заняпаду, і мы адчынім новую эру міру, квітнення і нацыянальнай велічы, — сказаў Трамп. — Я спыню вайну ва Украіне. Я спыню хаос на Блізкім Усходзе і прадухілю, абяцаю, Трэцюю сусветную вайну», — заявіў Трамп.

Пры адміністрацыі Джо Байдэна ў кастрычніку 2021 года ў ЗША ўпершыню пачалі выдаваць амерыканскія пашпарты з гендарным маркерам «X».

Пашпарты з такой адзнакай прызначаны для небінарных людзей, інтэрсэкс-людзей і гендарна-неканформных людзей. Жыхары Нью-Ёрка атрымалі права ўказваць у сваіх асабістых дакументах трэці — «нявызначаны» пол, акрамя мужчынскага і жаночага, у 2018 годзе.

Nashaniva.com